Калі ў мяне і ёсць нейкія чытачы, то гэтая кніга, баюся, стане сур’ёзным выпрабаваннем для іх цярплівасці. Тое, што святар запісвае свае асабістыя думкі пра Імшу, не такая ўжо недарэчная справа. Але мае думкі былі запісаны ў вельмі асаблівым жанры; гэтую форму яны без усякага раскаяння носяць дагэтуль. Ёсць фільмы, на якія дзіця можа трапіць толькі тады, калі прыкінецца дарослым. Атрымаць задавальненне ад гэтых старонак зможа толькі той дарослы, які прыкінецца дзіцём. “Калі не станеце як дзеці…”

Гэтыя казанні былі прамоўлены ў школе канвента сясцёр-асумпцыяністак, які падчас апошняй вайны быў “эвакуіраваны” з Кенсінгтана ў Альдэнхем Парк у Шропшыры. Пазней яны ў вельмі скарочанай форме з’явіліся ў часопісе “The Tablet”. Скарачэнне больш чым напалову дазволіла надаць ім выгляд тэкстаў, напісаных адмыслова для таго выдання. Цяпер яны прапануюцца чытачам амаль што ў сваёй першапачатковай форме. Нешматлікія пропускі, якія былі зроблены, рабіліся неахвотна. Нялёгка было выкрэсліваць напісаныя словы, якія выклікалі тыя ці іншыя ўспаміны, таму не буду рабіць выгляд, што працэс вычыткі я скончыў, зусім не праліўшы слёз.

Для дарослых было напісана толькі ўступнае казанне (хоць яно таксама было прамоўлена ў Альдэнхеме). Яно прыводзіцца тут, каб прапанаваць агляд усёй тэмы — своеасаблівы паскораны ўступ да запаволенага фільма. Калі вам трэба атрымаць агульнае ўражанне ад кнігі, можаце прачытаць толькі яго. Калі вы прачытаеце кнігу і раптам захочаце прыгадаць тое, што ў ёй напісана, гэтага першага раздзела таксама будзе дастаткова, каб асвяжыць памяць.

Гэтую кнігу нельга апублікаваць без асаблівага паклону сёстрам-асумпцыяністкам і некаторым іх вучаніцам — ужо даўно не школьніцам. Спадзяюся, што гэтыя ўважлівыя чытачы будуць паблажлівымі крытыкамі, якімі заўсёды і былі; нават другасортныя казанні лягчэй зносіць, калі маеш да іх прывычку.

Р. Э. Нокс

Мэлс,
Вялікдзень 1948 г.


Пераклад на беларускую мову ажыццявіў Максім Фоміч.