З кнігі «Імша ў запаволеным руху» (1948)

Хвала на вышынях Богу,
а на зямлі спакой людзям добрай волі (Лк 2)
.

У мінулую нядзелю мы пакінулі святара каля падножжа алтара: ён сказаў нам заняцца малітвай, а цяпер адыходзіць ад нас, робячы гэта мэтанакіравана, як чалавек, які ведае, што збіраецца рабіць, падобна як наш Пан ішоў у Юдэю на сваю Муку, калі Евангеллі кажуць нам, што “Ён цвёрда вырашыў ісці ў Ерузалем”. Я думаю, вы заўважыце, што многія святары зазвычай будуць ісці па гэтых дзвюх ці трох прыступках даволі хутка — прынамсі хутчэй, чым калі проста ходзяць. Сапраўды, калі б вы маглі зазірнуць у галаву святара, то сказалі б, што ён амаль што бяжыць па прыступках. Гэта нагадвае мне пэўныя радкі з верша, які ніхто з вас не ведае і які называецца “Давід у небе”. Гэты верш кажа: “Ногі ягоныя рушылі шпарка, узыходзячы да алтара”. Ну, бегчы, вядома, не атрымалася б: не так лёгка бегчы ўверх па прыступках у сутане, а, да таго ж, у ніжняй частцы альбы зазвычай ёсць карункі, якія прышываюць наўмысна, каб той, хто не ўважае, разадраў іх нагой. Акрамя таго, задумана так, што рухі ў гэтым танцы павінны быць павольныя ад пачатку і да канца. Але ў думках святар, калі можна так сказаць, бяжыць; на працягу ўсёй той справы з міністрантам, пра якую мы размаўлялі ў мінулую нядзелю, ён як бы дражніў сябе, пакуль што не ўзыходзячы да алтара. Гэта вельмі падобна да таго, як некаторыя з вас дражнілі б сябе, калі б атрымалі сапраўды цікавую пасылку, але не заглядвалі ўсярэдзіну, пакуль не развязалі б усе вузельчыкі. Святар спяшаецца да алтара і цалуе яго; ён не можа больш стрымлівацца. Ён не цалаваў яго, калі ўзыходзіў да яго перад гэтым, каб расставіць рэчы, таму што тады быў яшчэ не пачатак Імшы. Цяпер ён падымаецца і цалуе яго. І значэнне гэтага руху ў танцы відавочнае, спадзяюся, нават для самых дурных з нас. Ён выражае вялікае жаданне, якое мы павінны мець да Бога, жаданне наблізіцца да Яго, мець кантакт з Ім, і гэта сапраўдная прычына, чаму мы ўвогуле прамаўляем нейкія малітвы.

Насамрэч святар цалуе карпарал. Гэта вялікая белая штука, складзеная на дзевяць квадратаў, якую ён вымае з вялікага зялёнага канверта, што ляжыць на келіху. Што знаходзіцца пад карпаралам? Тры слаі алтарнага абруса. Што знаходзіцца пад алтарным абрусом? Кавалак каменя, увесь закручаны ў воданепранікальную наваскаваную тканіну. Гэты камень некалі даўно кансэкраваў біскуп, і падчас кансэкрацыі ён запоўніў некаторыя адтуліны ў ім — чым бы вы думалі? Дробнымі кавалачкамі рэліквій святых. У Сярэднявеччы людзі карысталіся падобнага роду рэліквіямі даволі свабодна: напрыклад, яны мелі звычай укладваць іх у масты, каб упэўніцца, што масты будуць добра трымацца. Я ведаю адзін вельмі стары мост праз верхнюю Тэмзу, дзе ў каменнай кладцы збоку яшчэ можна бачыць пэўнае заглыбленне, у якім доўгі час таму, відавочна, знаходзіліся рэліквіі нейкага святога. Кароль Генрых VI (не, не Генрых VIII — Генрых VI, вайна руж) да Рэфармацыі лічыўся святым, і ягоныя рэліквіі трымалі ў мосце паміж Кавершамам і Рэдынгам, а іншую частку рэліквій, як мне сказалі, захоўвалі ў мосце ў Брыджнорце. Але гэта не мае дачынення да справы. Сёння рэліквіі неабходна мець толькі ў алтарах, прычым сапраўды неабходна! Нават вайсковы капелан будзе ўсюды насіць за сабой алтарны камень з рэліквіямі, і ён ніколі не можа адслужыць Імшу без таго, каб пакласці гэты камень на скрыню ад мыла або штосьці іншае, што ён выкарыстоўвае ў якасці алтара. І калі вы спытаецеся, чаму Касцёл настойвае на такіх даволі нязручных правілах, то самы просты адказ будзе такі: калі яго не выканаць, то Імша пачнецца з хлусні.

Спадзяюся, усе вы памятаеце, што Імша ва ўласцівым сэнсе слова яшчэ не пачалася: усё, пра што мы размаўлялі ў мінулы раз, насамрэч было падрыхтоўкай. Вось жа, якраз у тую хвіліну, калі святар збіраецца пачаць Імшу, ён спяшаецца да алтара, цалуе яго і кажа:

“Молім Цябе, Пане, праз заслугі святых Тваіх, рэліквіі якіх тут знаходзяцца, і ўсіх святых будзь ласкавы дараваць мне ўсе грахі мае”.

Святыя, рэліквіі якіх тут знаходзяцца, — чаму гэта настолькі важна? Ну, таму што ў вельмі раннія дні, калі хрысціяне ў Рыме падвяргаліся ганенням, яны мелі звычай сустракацца на малітву ў катакомбах за межамі горада. Катакомбы прадстаўляюць сабою кіламетры і кіламетры падземных хадоў, якія вы дагэтуль можаце наведаць з гідам, калі паедзеце ў Рым. У катакомбах хрысціяне хавалі знявечаныя астанкі сваіх сяброў, якія былі забіты падчас ганенняў. Намагільныя пліты, якія ляжалі над целамі мучанікаў, былі тым месцам, на якіх рымскі біскуп служыў Імшу. І калі святар, прамаўляючы гэтыя словы, цалуе дробныя рэліквіі, замураваныя ў алтарным камені, ён нагадвае сабе, калі хоць крыху ведае гісторыю, што тым самым як бы дакранаецца да паўсюднага Касцёла, да лучнасці з Рымам. Усе алтары ва ўсім свеце насамрэч з’яўляюцца адным алтаром — мацярынскім алтаром хрысціянства; усе алтары павінны мець у сабе рэліквіі, каб нагадваць нам, што мы належым мучанікам І стагоддзя, а яны належаць нам. Св. Ян у Апакаліпсісе кажа: “Я ўбачыў пад алтаром душы забітых за Божае слова”; некаторыя людзі лічаць, што гэта адсылка да звычаю служыць Імшу над магіламі мучанікаў, — настолькі ён стары. І калі вы бачыце, што святар у гэты момант цалуе алтар, вы можаце падумаць пра гісторыю хрысціянства як пра штосьці, што злучана ў адно на працягу ўсіх дзевятнаццаці стагоддзяў. Імша тая самая і ў 48 годзе, і ў 1948 годзе; Імша адна і ў рымскіх катакомбах, і ў марнай капліцы. Алтарны камень — гэта пэўная замочная шчыліна, праз якую можна ўбачыць усю нашу хрысціянскую мінуўшчыну.

Але мы не можам правесці ўвесь вечар за размовай толькі пра адзін канкрэтны момант Імшы. Цяпер мы пераходзім да аднаго з самых цікавых месцаў, праўда? Да месца, дзе вам трэба знайсці патрэбную старонку ў імшале, каб паказаць дзяўчынцы побач, што вы сапраўды добра разбіраецеся ў гэтых рэчах. Праўда, калі паклапаціцца аб гэтым загадзя (упэўнены, вы гэтага не робіце), можна яшчэ да пачатку Імшы заціснуць палец паміж старонкамі IV нядзелі пасля Аб’яўлення.

Што робіць святар? Ён апранае акуляры. Дагэтуль усё, што ён казаў, паўтаралася слова ў слова кожны дзень ягонага жыцця, калі не ўлічваць Імшаў у чорным убранні, дзе ён прапускае псальм “Judica”. Але цяпер мы дайшлі да таго месца, дзе Імша пачынае быць зменлівай, — да інтроіта. Інтроіт, які я казаў сёння раніцай, быў узяты з IV нядзелі пасля Аб’яўлення, а значыць не супадаў з інтроітам пра св. Вініфрэду на ўчарашні дзень або з інтроітам пра памерлых вернікаў на пятніцу, або з інтроітам пра ўсіх святых на чацвер. З часам святары набываюць самазадаволены стыль чытання інтроіта, быццам бы хочуць сказаць: “Ну, вось, нарэшце возьмемся за справу”. Ваш дзядзька калі-небудзь вадзіў вас на абед у рэстаран? Калі так, то, магчыма, у вас бывала такое, што ён сядае, вымае акуляры і праглядае меню, кажучы або думаючы: “Так, паглядзім, што сёння даюць”? Зразумела, што даюць тую самую старую свініну, але сам гэты ягоны жэст узяўся з тых дзён, калі яшчэ быў дастатак. Інтроіт чымсьці падобны: гэта прадчуванне таго, якой будзе Імша на сённяшні дзень. Па форме гэта кароткі сказ, пасля якога ідзе першы верш псальма, затым “Хвала Айцу” і зноў кароткі сказ. Кароткі сказ называюць антыфонай. Калі вы выпадкова прыйдзеце ў капліцу, калі манахіні чытаюць Афіцый, то ўбачыце, што яны кажуць антыфону ў пачатку кожнага псальма і паўтараюць яе ў канцы. Па справядлівасці, канешне, святарам таксама трэба было б прамаўляць увесь псальм у інтроіце. Гэта азначала б, што ўчора, яшчэ не дайшоўшы да “Kyrie, eleison”, я павінен быў бы прачытаць увесь псальм 118, які мае 176 вершаў. Ваш сняданак дакладна астыў бы. Але Касцёл, праявіўшы вялікую дабрыню да нашай істоты, пастанавіў, што трэба прамаўляць толькі першы верш псальма, пасля чаго лічыць справу скончанай і пераходзіць да “Хвала Айцу”.

Пасля гэтага, напэўна, нам трэба было б крыху затрымацца і праспяваць літанію да ўсіх святых. Гэта тое, што ў касцёле робяць у Вялікую суботу: спяваецца літанія, а тым часам святары ляжаць ніцма на прыступках алтара. Тое самае адбываецца на святарскіх пасвячэннях. Імша на падобныя ўрачыстыя нагоды цягам стагоддзяў заставалася нязменнай; магчыма, у вельмі раннія часы яна была такой штодня. Калі б я кожную раніцу пасля інтроіта чытаў літанію да ўсіх святых і нават калі б вы вельмі спрытна давалі адказы, гэта дадало б да Імшы яшчэ добрых дзесяць хвілін, а сняданак стаў бы яшчэ халаднейшы. Таму Касцёл дазволіў яшчэ адно скарачэнне. Замест літаніі мы кажам проста “Kyrie, eleison”, нагадваючы сабе, што тут павінна быць літанія. Думаю, што ў гэты момант у мяне вельмі пануры твар. Так ці інакш, гэта той настрой, які ўсе мы павінны мець у гэтай частцы Імшы; мы павінны адчуваць пакору перад Богам. Магчыма, вы станеце скардзіцца на тое, што мы ўжо дастаткова прыніжаліся ў мінулую нядзелю. Але я павінен нагадаць вам яшчэ раз, пакуль усім нам не стане млосна ад гэтага, што той пачатак насамрэч не быў часткай Імшы. Фактычна Імшу пачынае інтроіт, і толькі пасля інтроіта пачынаецца сапраўднае ўпакорванне. Сэнс у тым, што кожны раз, калі вы набліжаецеся да Бога ў малітве, вас яшчэ ў самым пачатку павінна захапляць думка пра Яго невымоўную веліч. Ён па-за прасторай, па-за часам, усемагутны, неабмежаваны, невыказны; Ён не мае ні частак, ні жарсцяў — што здольнае пабудзіць Усемагутнага Бога звярнуць на нас увагу, нейкім чынам зацікавіцца тым, служым мы Імшу ці не? Мы павінны адчуваць сябе, як мухі, што лётаюць вакол кола ад танка, — вось як нам трэба пачынаць Імшу, пачынаць усякае пакланенне Богу. Не пачынайце з думкай, што Ён — ваш мілы Сябар, Які не дачакаецца таго, каб паслухаць вас, і жадае даведацца, як жахліва абышліся з вамі на ўроку геаграфіі. Гэта пачакае да пазнейшых часоў, а першая рэч — гэта скарыць сябе перад Богам.

Таму мы кажам словы “Kyrie, eleison”, якіх не знойдзеш у лацінскай граматыцы, таму што яны не лацінскія, а грэчаскія. Я думаю, вы ведаеце, што ў Грэцыі, у балканскіх дзяржавах, а таксама на Усходзе — у той частцы, якая раней належала Турэцкай імперыі, а цяпер, здаецца, пакуль мы глядзім у іншы бок, таямнічым чынам паглынаецца Савецкай Расіяй, — Імшу служаць не на лацінскай мове, а на грэчаскай. Гэта датычыцца не толькі тых усходніх хрысціянаў, якія апошнюю тысячу гадоў знаходзяцца ў схізме і не прызнаюць Папу, але таксама і каталікоў, якія жывуць у гэтым рэгіёне. Ім дазволілі і далей мець Імшу на грэчаскай мове, таму што так у іх заўсёды было. Падобна, што ў грэкаў ёсць звычай увесь час паўтараць: “Пане, змілуйся”. І толькі ў лацінскай Імшы, каб уся гэтая рэч набыла нейкі прыгожы выгляд, дадалі словы “Christe, eleison”. Мы кажам тры “Kyrie, eleison” Богу Айцу, затым тры “Christe, eleison” нашаму благаслаўлёнаму Пану і яшчэ тры “Kyrie, eleison” Святому Духу. Гэта азначае, што чатыры “Kyrie, eleison” і адно “Christe, eleison” трэба сказаць мне, а два “Kyrie, eleison” і два “Christe, eleison” — міністранту, калі мы з ім здолеем палічыць правільна. Але агульны эфект павінен быць такі: змілуйся, змілуйся, змілуйся. Сэнс не ў тым, каб мы адчувалі сябе прыніжанымі, бо мы грэшнікі. Сэнс у тым, каб у тым, каб мы адчувалі сябе нікчэмнасцю, бо мы стварэнні. Наколькі б святымі і пабожнымі мы ні былі, мы ўсё ж хочам пачаць з таго, што скажам Усемагутнаму Богу, што Ён Усемагутны Бог, а мы — група абсалютна недарэчных стварэнняў. Калі мы ўсвядомім гэта ў сваёй галаве, гэта будзе азначаць, што мы разумеем сітуацыю правільна.

Добра, пасля гэтага мы захочам крыху падбадзёрыцца. І рэч, якую мы выкарыстоўваем для павышэння бадзёрасці, гэта “Gloria in excelsis”. Здаецца, што першапачаткова гэты спеў выкарыстоўваўся толькі на Божае Нараджэнне. Фактычна гэта і ёсць гімн Божага Нараджэння, і менавіта таму ён пачынаецца тымі словамі, якія анёлы сказалі пастухам:

“Хвала на вышынях Богу, а на зямлі спакой людзям, якія з’яўляюцца Божымі сябрамі”.

Дарэчы, гэта не азначае людзей, якія любяць Бога; гэта азначае людзей, якія падабаюцца Богу. Астатак гімна не асабліва датычыцца Божага Нараджэння, але тут нічога не зробіш: важна, што большая яго частка — гэта заклік да нашага ўцелаўлёнага Пана з просьбай, каб у нас было ўсё ў парадку. У Сярэднявеччы тэкст змяняўся ў залежнасці ад свята. Напрыклад, на святы Найсвяцейшай Дзевы спявалі:

“Бо толькі Ты святы, Які асвяціў Марыю, толькі Ты наш Пан, Якога Марыя слухалася, толькі Ты Найвышэйшы, Езу Хрыстэ, Які ўвянчаў Марыю Яе каронай”.

Але сёння гэта адна з нязменных частак Імшы, і яе агульны сэнс, калі падсумоўваць, заключаецца ў тым, каб мы пасля ўсяго прыніжэння паспрабавалі падбадзёрыцца, нагадаўшы сабе і нагадаўшы Усемагутнаму Богу, што з той пары, калі наш Пан узяў на сябе людскую натуру, яна была ўзнята да нейкага зусім вышэйшага стану і што, калі мы злучаем свае малітвы з малітвай нашага ўцелаўлёнага Пана, мы можам нягледзячы ні на што зрабіць свае малітвы годнымі таго, каб Бог на іх паглядзеў. А калі ў пачатку “Gloria” святар разводзіць рукі, падымае іх і затым зноў зводзіць, ён (як бы) запрашае нашага Пана ўцелавіцца і сысці на зямлю, каб мы маглі стаць перад Богам у моцы Ягонай ахвяры. Пасля гэтага мы больш не размаўляем з Панам да малітвы “Agnus Dei”.

Як я казаў, першапачаткова гімн “Gloria” выкарыстоўвалася толькі ў свята Нараджэння Пана. Затым яго дадалі ва ўсе святы і большасць нядзель, так што на практыцы вельмі рэдка сустракаецца Імша без яго, хіба што гэта Імша ў чорным убранні або ў Вялікім посце, або з нейкай іншай смутнай нагоды. Але так і павінна быць, таму што, калі гэта смутная нагода, мы працягваем трываць у гэтым прыніжэнні і не спрабуем быць радаснымі. Калі ж мы хочам адчуць весялосць, як гэта бывае ў святы і ў нядзелі, бо нядзеля — гэта ўсё ж радасны дзень нягледзячы на лісты дадому, мы вяртаемся з панылага настрою, які адчувалі падчас “Kyrie”, і даволі весела пераходзім да калект.

Фота: benedyktyni.net; Joseph Shaw / Flickr (CC BY-NC-SA).