З кнігі «Імша ў запаволеным руху» (1948)
Я на тое нарадзіўся і на тое прыйшоў у свет,
каб сведчыць аб праўдзе (Ян 18).
Сімвал веры — гэта цікавая частка Імшы, і я думаю, што нам прыйдзецца прысвяціць яму цэлае казанне. Як вы ведаеце, ён не з’яўляецца абавязковай часткай і прамаўляецца толькі ў пэўныя важныя дні: ва ўсе нядзелі, ва ўсе святы нашага Пана, Найсвяцейшай Дзевы, св. Юзафа або св. Анёлаў, у святы апосталаў і евангелістаў, таму што яны распаўсюджвалі веру, і ў святы дактароў, таму што яны абаранялі веру і тлумачылі яе нам. Таксама ён сустракаецца ў страшна важныя тытульныя святы і ў свята св. Марыі Магдалены. Асмелюся выказаць здагадку, што праз тысячу гадоў Касцёл будзе прамаўляць яго на кожнай Імшы, і адукаваныя людзі будуць выдумваць арыгінальныя тлумачэнні, чаму яго не казалі кожны дзень у далёкія часы накшталт дваццатага стагоддзя.
Дарэчы, да ХІ ст. (Нармандскае заваяванне, 1066 г.) Сімвал веры ўвогуле не прамаўляўся на Імшы ў рымскім абрадзе. Калі задумацца, то зусім не відавочна, чаму мы робім гэта. Напрыклад, пры ўдзяленні хросту Сімвал веры (хоць там ён іншы) успрымаецца вельмі натуральна. Ужо ў самым пачатку ты кажаш немаўляці, што, калі яно хоча быць членам хрысціянскага Касцёла, яму прыйдзецца захоўваць запаведзі, а яно даволі злавесна вые ў адказ. Скончыўшы ўсе справы пры ўваходзе ў касцёл і ведучы дзіця да купелі, ты дадаеш, што яму, дарэчы, яшчэ прыйдзецца верыць ва ўсе наступныя сцвярджэнні, і паўтараеш яму Сімвал веры, ад якога яно пачынае выць яшчэ горш, чым раней. Бачыце, такое бывае, што ў касцёл трапляе няверуючы. На Імшы могуць знаходзіцца адзін ці два няверуючых, якія прыйшлі паслухаць казанне або Імшу Моцарта, але было б дзіўна, калі б Касцёл неяк турбаваўся з-за іх. Паколькі практычна ўсе мы веруючыя і не знаходзіліся б тут, калі б былі няверуючымі, які сэнс затрымліваць працэс і нагадваць сабе пра рэчы, у якія мы верым?
Я думаю, што самы важны адказ такі: вы прыйшлі на Імшу, каб пакланяцца Богу, а гэта азначае пакланяцца Богу ўсёй сваёй істотай, а не толькі яе часткамі. Пакланенне не азначае, што мы проста дазваляем сваім пачуццям уздымацца да Бога, кажучы Яму, які Ён добры, і перажываючы з-за сваіх грахоў. Гэта не азначае, што мы проста ўзносім да Бога сваю волю, пастанаўляючы жыць для Яго і згаджаючыся на ўсе нязручнасці, якія Ён можа запатрабаваць зносіць. Гэта азначае таксама, што мы ўзносім да Бога свой інтэлект, кажучы Яму, што Ён існуе, што Ён значна вышэйшы за нашае разуменне і што Ён адкрыў сябе ў Езусе Хрысце, каб мы з вамі мелі магчымасць разумець Яго крыху больш. Я ўзяў свой тэкст з таго ўрыўка Евангелля св. Яна, які ўсе мы ведаем, але на якім не заўсёды засяроджваемся. “Навошта Я нарадзіўся? — кажа наш Пан Пілату. — Каб збавіць свет? Каб вылечыць хворых і даць зрок сляпым? Каб суцешыць няшчасных людзей? Не, каб казаць праўду, каб даць сведчанне праўдзе”. Гэта першая патрэба чалавека: ён з’яўляецца разумнай жывёлай, і ён павінен ведаць, хто ён такі і якое ягонае становішча, і толькі потым ён можа сесці і супакоіцца. Гэта першы абавязак чалавека: думаць, прычым думаць правільна. Бог патрабуе, каб у межах вашага пакланення Яму вы дазволілі свайму інтэлекту падарожнічаць па правільных сцежках думкі пра Яго. Вельмі падобна, што гэта не такі ўжо і моцны інтэлект, бо, калі справа даходзіць да перыядычных дзесятковых дробаў, ён адразу кідае анучу на падлогу. Але гэта найлепшы інтэлект з тых, што ў вас ёсць, і яго трэба аддаць у распараджэнне Бога.

Я казаў вам гэта шмат разоў, але скажу яшчэ раз: праўда мае важнае значэнне. Сказаць правільную рэч — гэта не проста сказаць штосьці мілае. Гэта азначае сказаць тое, што з’яўляецца праўдзівым. Калі б вам здалося, што гэта цікавае казанне, а потым вы падышлі да мяне і сказалі: “Якое нуднае казанне!” — то гэта было б дрэнным учынкам. Гэта было б дрэнным учынкам, таму што вашыя словы не адпавядалі б вашым думкам. Калі б вы палічылі, што гэта нуднае казанне, а потым падышлі да мяне і сказалі: “Якое цікавае казанне!” — то гэта магло б мне вельмі спадабацца і дазволіла б мне вярнуцца да перакладання кнігі Параліпаменан з больш радасным сэрцам. Але гэта ўсё адно быў бы дрэнны ўчынак, таму што вашыя словы не адпавядалі б вашым думкам. І так абстаіць справа з любой несумленнасцю, напрыклад махляваннем з адзнакамі. Вядома, махляванне з адзнакамі будзе горшым, калі мова ідзе пра экзамен і калі гэта дазволіць вам атрымаць несправядлівую перавагу. Вядома, хлусня будзе горшай, калі яна падвядзе іншых людзей. Але нават тады, калі нічога не здабываецца і не прычыняецца ніякай шкоды, махляванне і хлусня ўсё адно будуць дрэнным учынкам, таму што скажаецца ваша маральная прырода. Вы, калі можна так сказаць, перашкаджаеце сабе расці. Дзеці хлусяць, таму што думаюць, што гэта штосьці разумнае. Я ведаю, што вам не падабаецца, калі вас называюць дзецьмі, але, калі вы падтрымліваеце ў сабе несумленныя прывычкі розуму, калі адмаўляецеся расці да поўнага росту жанчыны, калі трымаецеся за слабасць у сваім розуме, якая абражае Божы вобраз, то вы і ёсць дзеці.
Таму, калі вы прысутнічаеце на Імшы, на якой прамаўляецца Сімвал веры, вам ёсць пра што падумаць. Скажыце Усемагутнаму Богу: “Я ведаю, для чаго нарадзілася, і ведаю, для чаго прыйшла ў свет. Каб сведчыць аб праўдзе. Я не магу быць удзельніцай боскай натуры, а Езусу Хрысту ніколі не будзе ўтульна са мною, пакуль я не навучуся бачыць рэчы як ёсць і называць іх правільнымі імёнамі. Самы важны від праўды — гэта тая праўда, якую Ты аб’явіў нам. Я хачу дазволіць ёй ахапіць мой розум, таму што гэта адзін са спосабаў, якім я магу пакланяцца Табе. Больш за тое, гэта першая рэч, якую я павінна рабіць, калі хачу пакланяцца Табе. Гэта, гэта і гэта я лічу праўдай, таму што Ты мне сказаў, што гэта праўда. І, хоць мой розум, магчыма, успрымае гэтыя праўды вельмі недасканала, таму што ён такі слабы, я хачу, каб гэтыя праўды ахапілі мяне і праніклі ў мяне. Я хачу станавіцца сугучнай гэтым праўдам так жа інстынктыўна, як мой голас становіцца сугучным ноце, якая гучыць ад аргана. Тады мой інтэлект, роўна як і ўся мая істота, будзе пакланяцца Табе”.
Але, вядома, ёсць і зусім іншае пытанне, якое ўсіх вас, наколькі я бачу, турбуе, а менавіта чаму Сімвал веры знаходзіцца менавіта ў гэтым месцы. Я ўпэўнены, што існуе шмат вучоных кніг, якія дазволілі б мне адказаць на яго, але гэтых кніг у мяне няма, таму я не ведаю. Я толькі ведаю, што некаторыя іншыя абрады ў хрысціянскім Касцёле не ставяць яго на гэтае ж месца. Калі б вы пайшлі на Імшу ў пэўную капліцу ў катэдральным касцёле Таледа або ў пэўную капліцу ў катэдральным касцёле Саламанкі — і адзін, і другі горад знаходзяцца ў Іспаніі, — вы пачулі б Імшу, якая служыцца ў масарабскім абрадзе. Гэта была б абсалютна добрая каталіцкая Імша, у якой Сімвал веры прамаўляўся б пасля кансэкрацыі і перад Камуніяй. Таму імаверна, што ў звычайным рымскім абрадзе Сімвал веры захрас там, дзе захрас, цалкам выпадкова. Але ў цэлым, як мне здаецца, калі гэта і выпадковасць, то вельмі ўдалая. Думаю, гэта даволі добрае месца. Прычына такая: калі вы ўважліва слухаеце Евангелле, то яно хутчэй за ўсё змусіць вас блізка прыгледзецца да сябе. Сімвал жа веры дапамагае вам выйсці па-за сябе, пабачыць сябе як вельмі дробную і нязначную дэталь на палаючым фоне вечнай праўды.

Калі задумацца, то большасць з нас увогуле празмерна засяроджана на сабе; мы, калі можна так сказаць, вельмі лёгка заўважаем сябе краем уласнага вока. Большасць з нас згодзіцца, што, пакуль мы не пільнуем сябе, нашыя думкі вельмі лёгка вяртаюцца да нас саміх. Пакуль мы глядзім фільм або чытаем дэтэктыў ці штосьці сапраўды захапляльнае, усё ў парадку. Калі ж мы сядзем чытаць пра англійскіх каралёў, то даволі хутка заўважым, што нашая ўвага пераскочыла на Машу. Не, тут усё ў парадку; я не буду дакараць вас, што вашая ўвага ўцякае падчас малітвы. Па-першае, я ніколі не дакараю людзей за гэта; па-другое, мова цяпер пра іншае. Я кажу пра тое, што, калі вы слухаеце Евангелле, яно хутчэй за ўсё прымусіць вас думаць пра сябе. У Евангеллі поўна вымоў для такіх другасортных хрысціянаў, як мы з вамі. Тая ці іншая фраза з яго прыліпае да нас, мы адчуваем незадаволенасць сабою і пачынаем задумвацца над ёй. Мы пачынаем цікавіцца, як так атрымліваецца, што людзі вакол нас, якім нас бачна найлепш, настолькі дрэнна думаюць пра нас; як быццам бы тое, што пра нас думаюць іншыя, акрамя Усемагутнага Бога, варта хоць грош… І, калі мы знаходзімся ў такім настроі, поўным самазасяроджанасці і самашкадавання, нам патрэбны штуршок, які выцягне нас з саміх сябе. І штуршок, які выцягвае вас з сябе, гэта святар, які даволі раптоўна кажа: “Credo in unum Deum”. Гэта заўсёды здараецца раптоўна, праўда? На спяванай Імшы, здаецца, патрэбна секунд трыццаць, пакуль арганіст возьме адпаведную ноту, а харысты прачысцяць горла, каб трапіць у мелодыю; як быццам бы раптоўнае паведамленне, што святар верыць у адзінага Бога, заспявае кожнага з іх знянацку.
Калі вам трапіцца святар, які выконвае цырымоніі сапраўды добра (пасля мяне гэта, напэўна, будзе вялікай палёгкай), ён падчас першай часткі Сімвала веры будзе стаяць нерухома і абсалютна роўна. Мне заўсёды хочацца хістацца з боку на бок, і, магчыма, я так і раблю. Проста гэтая частка настолькі мяне ўзрушвае. Скажу пра штосьці яшчэ больш блюзнерскае, чым танец. Вы калі-небудзь бачылі, як людзі гуляюць у рэгбі? Часам можна пабачыць, як сапраўды добры гулец уцякае з мячом і бяжыць да бакавой лініі, хістаючыся так, каб яго было цяжэй схапіць, то злева, то справа адпіхваючы гульцоў, якія спрабуюць перашкодзіць яму. Вось на што падобная першая частка Сімвала веры. Каталіцкі Касцёл Хрыста, трымаючы раўнавагу, адбіваецца ад нападаў ерасей: спачатку злева, потым справа, захоўваючы дасканалы баланс веры і кіруючыся прама да сваёй мэты. Веру ў адзінага Бога, Айца ўсемагутнага, Стварыцеля неба і зямлі, усяго бачнага і нябачнага. І ў адзінага Пана Езуса Хрыста… Што маецца на ўвазе пад Панам? Хіба Пан гэта не тое самае, што Бог? Чакайце. Сына Божага Адзінароднага, адзінага Сына. Так, мы ўсе Божыя сыны, але гэта адзіны Сын, які ў вузкім значэнні слова можа называць Бога сваім Айцом. Мы належым да часу; Ён быў народжаны ад свайго Айца да таго, як пачаўся час. Парадокс? Зразумела, парадокс — для нас. Гэты акт не стварэння, а боскага нараджэння, праз які Другая Асоба Тройцы атрымлівае сваё бытаванне, з’яўляецца спрадвечным, як спрадвечны сам Бог. Ніколі не было часу, калі б Сын не існаваў.
Чаму тады Ён павінен быць такім жа, як Бог? Не бывае, каб дзве розныя істоты былі такія ж… Чакайце. Бога ад Бога, Святло ад Святла. Скажыце мне: святло — гэта тое самае, што сонца, ці штосьці адрознае ад сонца? Тады я скажу вам, як Бог можа паходзіць ад Бога, аднак заставацца адзіным Богам. Той самы па істоце з Айцом, з іншай Асобай, але адзіны з Ім у боскасці. Праз Яго ўсё сталася. Мы толькі што сказалі, што Першая Асоба Найсвяцейшай Тройцы з’яўляецца Творцам усяго, а цяпер кажам, што ўсё было створана Другой Асобай Найсвяцейшай Тройцы. “Я і Мой Айцец — адно, — сказаў нам Сын. — Мой Айцец працуе ўвесь час, і Я працую таксама”. Бачыце, ерэтыкі-арыяне сцвярджалі, што Другая Асоба Тройцы была створана. Касцёл адказвае: ну, тады гэта вельмі дзіўна, таму што Яна павінна была стварыць сама сябе.

…І затым адбываецца свежы, нечаканы пераход. Ён дзеля нас, людзей, і дзеля нашага збаўлення, дзеля недарэчна малаважнага збаўлення недарэчна малаважнага народу, зышоў з неба. Вас здзіўляе, што ў гэты момант святар падае на калені? Вядома, вы не сачылі, вы марылі пра сваё, таму гэты момант заспеў вас знянацку, як арганіста заспелі словы “Credo in unum Deum”. Калі б дзяўчынка за вамі не тыцнула вас носам у паясніцу, вы, напэўна, увогуле забыліся б стаць на калені. Але змяняецца і характар самой мелодыі. Цяпер мы думаем пра Другую Асобу Найсвяцейшай Тройцы як пра ўцелаўлёнага Чалавека, як пра нашага прадстаўніка, які як Чалавек прыносіць Айцу як Богу тую вечную ахвяру, якую мы зараз прыгадаем і з якой мы самі з’яднаемся. Калі вы сапраўды сочыце, то пабачыце, што Сімвал веры прыйшоў якраз у правільны момант. Ён адвёў нашую ўвагу ад Машы, захапіў яе самымі неспасцігальнымі і ўзвышанымі таямніцамі тэалогіі толькі для таго, каб вярнуць яе назад да таго, адкуль усё пачалося: Бог сышоў на зямлю, і Маша была адкуплена.
Фота: pexels.com.