З кнігі «Імша ў запаволеным руху» (1948)

Як жа мы? (Ян 6).

У пазамінулую нядзелю я не сказаў і блізка ўсяго, што можна было, пра Сімвал веры, але, думаю, нам будзе лепш пакінуць яго і перайсці да аферторыя, таму што, здаецца, мы рухаемся з недастатковай хуткасцю. Пасля заканчэння Сімвала веры святар паварочваецца і кажа: “Dominus vobiscum”, — і дадае: “Oremus”. Не дайце сябе падмануць: гэта несапраўдная трывога. Святар кажа: “Oremus”, памолімся, але затым не робіць нічога такога, а проста пераходзіць да дзеянняў з келіхам і патэнай. Але ў цэлым я думаю, што гэта вельмі добра, што святар падсмейваецца з вас падобным чынам, таму што, як я казаў раней, слова “oremus” з’яўляецца свайго роду карысным будзільнікам (калі ім карыстацца), які абуджае нас у розныя моманты Імшы — якраз тады, калі нашая ўвага збіраецца заснуць. Зазвычай гэтае слова азначае, што штосьці будзе адбывацца, што ў танцы пачнецца нейкі новы рух. Калі вас запрашаюць памаліцца падобным чынам, то вы адразу сядаеце, каб паказаць, што падмануць вас не ўдалося. Але тое, што вы седзіце, не азначае, што цяпер добры момант, каб пачаць перагаворвацца з сяброўкай або піхаць языком зуб у спадзяванні, што ён зараз вываліцца, або запаўняць час іншым спосабам. Аферторый — гэта даволі важная частка Імшы, тым больш таму, што гэта ў нейкім сэнсе тое месца, калі ўступаеце вы.

Я думаю, калі вы пойдзеце ў дамініканскі касцёл на спяваную Імшу, то ўбачыце, што там гэты момант падкрэсліваецца: аферторый там выглядае важным. Дамініканцы, як вы, напэўна, ведаеце, карыстаюцца сваім абрадам у служэнні Імшы. Бачыце, толькі ў 1570 г. св. Пій V — той самы Папа, які экскамунікаваў каралеву Лізавету, — вырашыў, што нарэшце надышоў час спыніць служыць Імшу больш-менш так, як нам хочацца, і што ўвесь лацінскі хрысціянскі свет павінен служыць яе аднолькава. Але ён дадаў, што гэта не датычыцца манаскіх ордэнаў, якія карысталіся сваім абрадам дзвесце гадоў ці больш, у тым ліку дамініканцаў. Дарэчы, скажу вам, або нават намякну, што св. Пій V быў сам дамініканцам. Вось чаму, калі сюды прыходзіць а. Джэральд Ван, ён не толькі носіць дзіўную вопратку, але і служыць Імшу незвычайным чынам. У некаторых старых абрадах аферторый пачынаецца багатымі цырымоніямі. Патэны і келіха да гэтага моманту ўвогуле не было ў касцёле, і вось, на словы “Dominus vobiscum. Oremus” з сакрыстыі ўваходзіць працэсія: субдыякан нясе келіх і патэну, а перад ім ідуць людзі са свечкамі і г. д. Нам гэта ўсё здаецца хутчэй перабольшаным, таму што мы прызвычаіліся рабіць гэтыя рэчы прасцей. На ціхай Імшы ўсяго толькі два няшчасныя хлопцы ў чырвоных сутанах падымаюцца на ногі і ідуць вакол алтара на бок, і там пачынаюць сварыцца, хто павінен трымаць ваду, а хто віно. Навошта ўвогуле падымаць вакол гэтага шум?

Перадусім, мне здаецца, трэба сказаць вось што: Імша з’яўляецца цэльнай; ахвяра адбываецца ўвесь час, а не толькі ў адрозныя перыяды. Мы бяром пэўныя фрагменты яе і разглядаем як больш важныя пункты: вось званок на “Sanctus”, вось званкі на кансэкрацыю, вось званкі на “Domine, non sum dignus”. Мы можам неасцярожна падумаць, што Імша прадстаўляе сабою тры асобныя моманты дзеяння, паміж якімі прасунулі некалькі выпадковых малітваў. Усё гэта, вядома, не так. Імша з’яўляецца неразрыўным дзеяннем, і я думаю, што многія з вас з часам зразумелі, што ад прэфацыі да Камуніі святара здзяйсняецца ахвяра. Я маю на ўвазе, што гэта не так, што мы вісім на тэлефоне і чакаем, пакуль раптоўна пройдзе званок. Гэта як, напрыклад, глядзець гульню ў тэніс, дзе важны кожны ўдар. І я думаю, што будзе больш па-дзелавому лічыць пачаткам не прэфацыю, а менавіта аферторый, хоць я і не ведаю, ці падтрымалі б мяне людзі, якія разбіраюцца ў літургіі. Асабіста я думаю, што неразрыўнае дзеянне Імшы пачынаецца тут, у аферторыі.

Вы можаце сказаць, што аферторый звязаны ўсяго толькі з некансэкраванымі хлебам і віном і што ў ім няма нічога асаблівага. Гэта, вядома, праўда, але я думаю, што калі вы на момант уключыце фантазію, то пабачыце, што ўсё ж ёсць прычыны успрымаць некансэкраваную гостыю і некансэкраваны келіх сур’ёзна. Магчыма, у гэты момант яны не настолькі важныя самі па сабе, але неўзабаве яны будуць вельмі і вельмі важнымі. З нашага боку было б неаб’ектыўна думаць толькі пра тое, чым рэчы з’яўляюцца цяпер, і не глядзець, чым яны будуць.

Уявіце сабе, што вы ідзяце праз пшанічнае поле, скажам, за паркам, дзе хаваюцца алені. Усе гэтыя каласы поўныя перспектыў: яны чымсьці стануць. Канкрэтна гэты колас, які тырчыць злева ад сцяжынкі, будзе змалочаны, змолаты на млыне, спечаны ў печы, ператвораны ў бутэрброд, які хто-небудзь з’есць падчас падарожжа ў цягніку. Гэта лёс, які фарміруецца ўнутры канкрэтнага набору маленькіх зярнятак. Цяпер паглядзіце на колас, які тырчыць справа ад сцяжынкі. Яго таксама змалоцяць, змелюць на тым жа млыне, спякуць у печы — ужо не ў той самай, або прынамсі не ў той самай партыі. Соду туды дадаваць не будуць. Потым ён будзе спрасаваны кармеліткай у прэсе, і на ім з’явіцца адбітак распяцця. Яго пашлюць у скрынцы сакрыстыяніну ў які-небудзь касцёл, ён будзе ляжаць на алтары, над ім скажуць нейкія лацінскія словы, а пасля гэтага яго ўздымуць у залатой манстранцыі, і кожны, хто будзе праходзіць перад ім, будзе апускацца на калені… Тое самае і з келіхам, толькі што, зразумела, мы не настолькі знаёмыя з працэсам вытворчасці віна. Вось тая гронка апынецца ў бутэльцы звычайнага віна, хтосьці вып’е віно за вячэрай, нап’ецца і, магчыма, пойдзе біцца, і яго пасадзяць у турму. Іншая гронка апынецца ў бутэльцы імшальнага віна, будзе кансэкравана, выпіта святаром і прынясе яму роўна тую ласку, якая была яму патрэбна для таго, каб утрымацца перад спакусай і ўзысці на вышыню святасці. А калісьці абедзве гронкі раслі ў адным і тым жа вінаградніку.

Таму святар пры алтары займаецца тым, што аддзяляе, прызначае канкрэтна гэты кавалак пшаніцы і канкрэтна гэты аб’ём віна для звышнатуральнага выкарыстання. І гэта, вядома, тое, што ўвесь час адбываецца са мной і з вамі. Раней ці пазней мы памром, і гэты момант смерці будзе, дай Божа, нашай кансэкрацыяй, калі мы будзем пераменены ў штосьці іншае, калі замест нашага натуральнага цела нам дадуць духоўнае цела і мы будзем жыць, вечна хвалячы Бога сярод святых. А цяпер мы ўвесь час займаемся тым, што чынім з нашага жыцця аферторый Усемагутнаму Богу, каб аддзяліць яго, прысвяціць яго Яму, каб, калі прыйдзе нашая смерць, яна стала нашай кансэкрацыяй. Вось чаму пабожныя кніжкі скажуць вам, што падчас аферторыя варта ў думках пакласці сваё цела на патэну, якую трымае святар. У гэты момант вы самі, вашае цела — гэта штосьці абсурдна таннае і малазначнае: дастаткова, каб разарвалася адна артэрыя або на некалькіх хвілін закрыўся адзін дыхальны праход, і справа будзе скончана. Яго пахаваюць у зямлю, і там яно згніе. Такое ўжо наша цела, але сэнс не ў тым, чым яно з’яўляецца цяпер; сэнс у тым, чым яно стане. Калі яно, дай Бог, будзе кансэкравана так, як Ён гэтага жадае (а Ён ўжо спланаваў гэта і для мяне, і для вас), яно стане ззяючым цэнтрам Ягонай хвалы, люстэркам, якое вечна будзе адлюстроўваць Яго няствораную прыгажосць.

Таму нам нельга з пагардай ставіцца да некансэкраванай гостыі, якую святар уздымае перад распяццем, да кропель віна, якія сцякаюць у келіх. Нам трэба думаць пра тое, чым яны стануць. Усе вы чулі пра добрага караля Вацлава, таму што адзін святар напісаў пра яго не зусім правільную калядку, якую праз два тыдні будуць спяваць тысячы людзей. Вы ведаеце, як ён прымусіў свайго пажа несці сасновыя дровы да хаты бедняка, хоць яна была адразу за лесам і можна было б падумаць, што яму прасцей пасячы адну-другую засохлую галіну на месцы. Чаго вы не ведаеце, дык гэта таго, што кароль Вацлаў заўсёды настойваў на тым, каб рабіць алтарныя хлябы для сваёй капліцы ўласнымі рукамі, таму што лічыў, што нават каралю можна гэтым ганарыцца. Уся ідэя аферторыя — гэта тое, што хлеб і віно мне прыносіце вы, гэта значыць свецкія людзі прыносяць святару, каб паглядзець, што ён можа з імі зрабіць. Вось чаму я кажу, што гэта тое месца, калі ўступаеце вы. Гэтыя два малыя хлопцы ў чырвоных сутанах, адзін з ікаўкай, а другі з развязаным шнурком, прадстаўляюць вас, прадстаўляюць люд. У тэорыі ўсе вы збіраецеся ў прэзбітэрыі, ператвараючы адзінокі танец святара ў бурлівы карагод, выцягваеце лусты хлеба і ўсклікаеце: “Айцец Нокс! Айцец Нокс! Благаславіце і гэты!” Вось што такое насамрэч аферторый, толькі што насамрэч ад вас чакаецца не гэта. Чакаецца, што вы ў думках пакладзяце сваё цела на патэну побач з гостыяй і скажаце: “Дарагі Божа, гэтая марная рэч — гэта ўсё, што я магу прапанаваць Табе; калі ласка, зрабі з ёю што-небудзь, калі Ты можаш хоць штосьці з рабіць з такім чалавекам, як я”.

Таму давайце ставіцца да некансэкраваных хлеба і віна з энтузіязмам, зважаючы на тое, чым яны стануць. Але не будзем таксама страчваць з вачэй той факт, што тое, чым яны стануць, цалкам залежыць ад таго, што з імі зробіць Бог. Мы можам махаць імі ў паветры і паўтараць над імі лацінскія сказы з раніцы да вечара, але яны так і застануцца звычайнымі хлебам і віном. Толькі дзякуючы Божаму ўмяшанню яны становяцца чымсьці зусім іншым. Мне заўсёды падабаецца глядзець на аферторый як на паўтарэнне таго, што адбылося, калі наш Пан накарміў пяць тысяч людзей у пустыні пяццю хлябамі і дзвюма рыбінамі. Вось чаму я выбраў гэтыя словы: “Як жа мы?” Вось пяць тысяч галодных людзей просіць ежы: як жа мы за некалькі медных манет у звычайным кашальку купім хлеба на дзвесце дынараў, ды яшчэ ў бездарожнай пустыні, у якой так ці інакш няма крамы з хлебам? І затым сарамлівая, запазнелая думка: “Ёсць тут адзін галадранец”. Так, галадранец — слова, якое ў Новым Запавеце выкарыстоўваецца ўсяго двойчы: у Мц 11, дзе яно азначае “беспрытульнік”, і тут, у Ян 6, дзе яно азначае “галадранец”. “Галадранец, які мае пяць хлябоў і дзве малыя рыбіны, але што гэта для пяці тысяч”. Тым не менш галадранец падыходзіць і стаіць там на адной назе, з пальцам у роце, гледзячы на Пана і ўсміхаючыся: “Калі хочаце, можаце іх узяць”. Гэта міністрант на Імшы, хлопец у чырвонай сутане з ікаўкай, які падае святару матэрыял для цуду, што здзейсніцца ў ягоных руках. Жаласліва малая порцыя, але гэта ўжо штосьці. Наш Пан і хоча, каб мы далі Яму хоць што-небудзь. Усё, што мы робім для Яго, кожны ўздых нашых сэрцаў да Яго настолькі смехатворна недастатковыя самі па сабе; насамрэч гэта Ягоная ласка вымушана рабіць цуд, каб ператварыць у штосьці нашыя высілкі. Усё, што вы і я робім, гэта толькі вада, якая пераменіцца ў віно, і пяць булак, якімі Ён накорміць вялікі сход. Такім чынам, вы ўжо крыху бачыце, што такое аферторый. “Suscipe, sancte Pater, — кажа святар. — Прымі, святы Ойча, усемагутны, вечны Божа, гэтую беззаганную ахвяру”. Ён ужо называе гэта ахвярай! Гэта ўсяго толькі просты кавалак хлеба, але, паколькі пазней ён стане чымсьці іншым, ён ужо цяпер называе яго “беззаганнай ахвярай”. Бачыце, дзеянне Імшы з’яўляецца неразрыўным, і гэтае дзеянне ўжо пачалося. На гэтую ахвяру ён нагружае ўсе свае незлічоныя грахі, хібы і занядбанні; вы нават не паверыце, колькі іх ёсць у святара. На гэтую ахвяру ён нагружае патрэбы ўсіх прысутных, а нават усіх верных хрысціянаў, жывых і памерлых. Гэты кавалак хлеба, які з тым жа поспехам мог бы стаць бутэрбродам і быць з’едзеным у цягніку, пераменіцца ў Ахвяру, якая ўсім нам прынясе вечнае жыццё. І затым келіх: спачатку віно, затым кропля вады. Калі святар памыліцца і налье вады больш за восьмую частку ад аб’ёму віна, яму прыйдзецца пачаць усё спачатку; вады сапраўды павінна быць кропля. І словы, якія пры гэтым кажа святар, тлумачаць гэтае дзеянне: “Божа, Ты годнасць людской натуры дзівосна стварыў і яшчэ больш дзівосна перамяніў, дай нам праз таямніцу гэтай вады і віна — на ўзор гэтай таямніцы вады і віна — быць саўдзельнікамі боскасці Таго, хто ў нашай людскасці ўдзельнічаць быў ласкавы”. Зрабі нас адзінымі з Езусам Хрыстом, няхай нашая ідэнтычнасць зліецца з Ягонай і згубіцца ў ёй, як ідэнтычнасць гэтай кроплі вады зліваецца з віном на дне келіха і ў ім губляецца. Вось увесь сэнс аферторыя: нагадаць нам, як мала мы ахвяруем, каб пазней, калі мы дойдзем да кансэкрацыі, нас больш чым калі ашаламіла думка пра тое, што Бог робіць з нашым дарам.

Фота: Fr Lawrence Lew, O.P. / Flickr (CC BY-NC-ND).