З кнігі «Імша ў запаволеным руху» (1948)
Прашу вас праз літасць Божую аддаць свае целы
як жывую ахвяру, прысвечаную Богу
і годную Ягонага прыняцця;
гэта пакланенне, годнае вас,
разумных стварэнняў (Рым 12:1).
Мінулым разам мы не скончылі размову пра аферторый Імшы; мы дайшлі толькі да малітвы, якую кажа святар, калі налівае ў келіх віно і ваду. Ёсць яшчэ тры малітвы, якія ён павінен сказаць перад тым, як зноў пойдзе на бок, каб памыць рукі. Мне здаецца, яны з’яўляюцца вельмі добрай ілюстрацыяй таго, што мы называлі танцам Імшы.
Калі схапіць якога-небудзь разумнага мусульманіна і папрасіць яго паглядзець гэтую частку Імшы і расказаць, як ён яе зразумеў, то я не думаю, што ён моцна памыліцца. Ён скажа: “Мула высока трымае чашу, як быццам бы ахвяруе яе разам са змесцівам камусьці, хто знаходзіцца ў паветры, адразу ж перад ім… А цяпер ён стаіць, апусціўшы вочы, у пакорнай паставе, як быццам бы ўсё ж саромеецца свайго дару… Цяпер ён глядзіць у неба і, здаецца, зачэрпвае нейкае благаслаўленне на чашу, каб зрабіць яе прымальнай”. Ён больш-менш правільна зразумеў сутнасць справы, паглядзеўшы на гэтую пантаміму. Вы і я, паколькі мы ўмеем чытаць па-лацінску і ведаем, як знайсці правільнае месца ў імшаліку, маглі б сказаць яму, што словы, якія прамаўляе мула, кажуць пра штосьці вельмі падобнае.
Першая малітва такая:
“Прыносім Табе, Пане, келіх збаўлення, умольваючы Тваю ласкавасць, каб ён з прыемным водарам узышоў да аблічча Тваёй велічы дзеля збаўлення нашага і ўсяго свету”.
Мы карыстаемся мовай старажытных юдэйскіх ахвярапрынашэнняў. Пры законе Майсея трэба было ўвесь час спальваць тушы жывёл або прынамсі тлустыя часткі гэтых туш. Гледзячы, як у неба падымаецца густы чорны дым, людзі казалі сабе: “Гэты водар будзе прыемны Богу”; гэта быў такі спецыяльны тэрмін. Бачыце, юдэям, якім было дадзена толькі няпоўнае аб’яўленне, дазвалялася лічыць, што Усемагутны Бог цешыцца ад паху добрага гатавання. Не тое каб пах спаленага тлушчу быў неяк асабліва прыемны нашаму носу; нам бы хутчэй захацелася адкрыць акно. Але юдэі альбо любілі вельмі добра прасмажанае мяса, альбо былі перакананыя, што, калі ты гатуеш ежу дзеля славы Бога, празмерна засмажанай ежы не бывае. Па-мойму, вельмі дзіўнае перакананне.
У гэтых старых юдэйскіх ахвярапрынашэннях ніколі не пакідалі крыві ў ахвярах, якія ўскладалі на алтар: яе злівалі каля падножжа алтара. Але гэтую малітву пра “прыемны водар” мы прамаўляем не над святой гостыяй, а над келіхам, змесціва якога праз некалькі хвілін стане Найдаражэйшай Крывёю. Я не маю паняцця, чаму так. Магчыма, проста пах віна (віно заўсёды пахне вельмі моцна, калі ты посціш, як святар перад Імшой) навёў кагосьці на думку, што можна выкарыстаць гэты эпітэт са старога закону, хоць і ў іншым кантэксце.
Але нават тады, калі мы не ведаем (або я не ведаю), як нейкая канкрэтная фраза трапіла ў Імшу, гэта не прычына не паспрабаваць выціснуць з яе глыбокі сэнс, таму што мы проста спрабуем прадумаць спосаб, як трэба пабожна сачыць за Імшою. Як жа мы гэта зробім? Калі мы размаўлялі пра тое, як святар ахвяруе на патэне святую гостыю, мы казалі, што можам у думках таксама змясціць на патэну сябе і ахвяраваць сябе Богу ў лучнасці з тым, што робіць святар. Прынесці Яму нашыя целы, нашыя душы — усё, чым мы з’яўляемся, як дар. Як наконт таго, каб ахвяраванне святаром келіха суправадзіць ахвяраваннем Богу лёсу, які нас чакае, усіх удач і няўдач, якія Ён збіраецца паслаць нам; па сутнасці, усяго нашага жыцця?
Ведаеце, гэта выдатная габрэйская метафара. Яна пастаянна ўзнікае ў псальмах: “Гэта будзе часткай іх келіха” або “Пан — частка спадчыны маёй і келіха майго”. Юдэі, відавочна, успрымалі жыццё як келіх, у якім ёсць некалькі салодкіх і некалькі горкіх глыткоў і які Бог прыкладае табе да вуснаў і кажа: “Вось, выпі”, кажучы гэта такім уладным тонам, як урач, які падае табе лек, а ў цябе няма іншага выйсця, як толькі згадзіцца.
Мне здаецца, мы можам сказаць, што наш благаслаўлёны Пан, беручы сабе людскую натуру, узяў таксама габрэйскі розум. Ён не быў бы чалавекам, калі б не належаў да нейкага канкрэтнага народа. І, паколькі Ён размаўляў на адной канкрэтнай мове, на арамейскай, паколькі Ён быў знаёмы перадусім з літаратурай аднаго народа, юдэйскага народа, Ягоная думка натуральным чынам афармлялася па-юдэйску. І таму, калі Ён стаяў на каленях у Гефсіманіі і шаптаў настолькі людскую малітву, што нас не можа гэта не дзівіць (калі мы ўспомнім, што Ён сам, асабіста быў Богам), мова гэтай малітвы, думкай гэтай малітвы былі мовай і думкай Яго ўласнага народа. І Ён казаў: “Ойча, калі магчыма, няхай абміне Мяне гэты келіх”. Келіх нашага збаўлення быў для Яго горкім келіхам. І, калі святар просіць Бога прыняць келіх збаўлення, мы можам успомніць пра келіх, аб якім думаў наш Пан у Гефсіманіі, і ахвяраваць разам з келіхам сваё жыццё, як Ён ахвяраваў сваё жыццё ў Гефсіманіі: “Але не Мая хай будзе воля, а Твая”.

З улікам сказанага дазвольце мне ўдакладніць штосьці і звярнуць вашую ўвагу на памылку, якую ўсе мы схільныя рабіць, калі кажам пра ахвяраванне Богу пэўных рэчаў. Мы ўсе ўяўляем сабе, што ахвяроўваць Богу трэба непрыемнасці. Гэта ўжо ўвайшло ў наш каталіцкі слэнг, калі мы кажам, што штосьці трэба асаблівым чынам “ахвяраваць” Богу. Калі ўзнікаюць сапраўды цяжкія абставіны, толькі тады мы вырашаем ахвяраваць гэта Богу. Мы ахвяруем Яму прастуду, на якую хварэем; пудынг, які нам не падабаецца; вялікую дамашнюю работу, якую нам задалі; зацяжкі на калготках; ручку, якая не піша; жука, якога знайшлі ў ваннай; акно, якое грукае ў інтэрнаце; іншую дзяўчынку, якая першая завешвае змеявік сваімі рэчамі; назоўнікі на “е”, якія ў выніку аказваюцца мужчынскага роду. Усё гэта мы пастаянна ахвяруем Богу. Калі вы хочаце сапраўды нагрубіяніць адной са сваіх сябровак, якая вас раздражняе, то няма лепшага спосабу адпомсціць ёй, чым сказаць пасля Адарацыі, што вы ахвяравалі яе Богу.
Мы нават думаем пра гэта як пра апошняе прыбежышча: калі ў вас баляць зубы, вы спрабуеце гваздзіковы алей; калі ён не дапамог, вы прымаеце пару таблетак аспірыну; калі і гэта не працуе, вы ахвяруеце сітуацыю Богу. Гэта дзіўны спосаб зносін з Усемагутным Богам, праўда? Ніколі не думаць пра Яго, акрамя як у абсалютна бязвыхадным становішчы. Наш Пан у Гефсіманіі не ўспомніў раптоўна, што ў Ягонага Айца ёсць воля і што гэтая воля найлепшая. Ён выконваў волю свайго нябеснага Айца, ушаноўваў волю свайго нябеснага Айца кожны момант свайго жыцця, у добрыя дні і кепскія, і Ягоная малітва ў Гефсіманіі была проста працягам той малітвы, якая пачалася ў бэтлеемскіх яслях і ніколі не спынялася.
Канешне, я ведаю, што бываюць тыя, хто лічыць сваё жыццё шэрагам адных няўдач: калі вы з такіх, то вам нічога не застаецца, акрамя як ахвяраваць Богу непрыемнасці. Тыя ж з нас, хто лічыць сваё жыццё менш манатонным, несумненна, захочуць ахвяраваць Богу ўвесь келіх свайго жыцця: як горкія глыткі, так і салодкія. Калі прыходзяць канікулы, калі мы атрымліваем узнагароду або калі нам удалося пазбегнуць абмаражэння, нам варта ахвяраваць Богу гэтыя моманты так жа, як і іншыя. На Божае Нараджэнне мы можам падзяліцца сваімі падарункамі з Дзіцём Езусам: “Што яны Табе прынеслі? Золата, кадзіла і міра? А мне падарылі гармонік”. Такія рэчы.
Часам, калі святыя людзі, асабліва манахіні, захочуць зрабіць вам прыемнае, яны падораць вам духоўны букет: у вашых намерах выслухана столькі Імшаў, прынята столькі святых Камуній, узнесена столькі малітваў, зроблена столькі ахвяр. Прынята лічыць, што ахвярай павінны быць непрыемныя рэчы, так? Але я спадзяюся, што, калі вы захочаце падарыць мне калісьці духоўны букет, туды будзе ўключана таксама шмат іншых рэчаў: у маіх намерах з’едзена столькі марожанага, паслухана столькі пласцінак, столькі разоў сходжана ў кіно. Бо тады я ўбачу, што вы ахвяруеце Богу ўсё сваё жыццё.
Прашу прабачэння, што гавару пра гэта не спыняючыся, але гэта тая тэма, па якой, мне здаецца, ёсць недагаворанасць. Калі святар стаіць, вось так уздымаючы перад сабою келіх, вам варта таксама ўзняць сваё жыццё да Усемагутнага Бога і ахвяраваць яго Яму — і горыч, і слодыч. У рэшце рэшт Ён добры Лекар, а жыццё — гэта доза, якую Ён кажа нам прыняць. Гэта такі лек, які вам выпісвае ўрач і на якім напісана: “Мікстура, для Машы, прымаць тры разы ў дзень пасля ежы”. Вы нават у нейкай ступені адчуваеце гонар, што ўрач дзеля вас выдумаў адмысловую мікстуру, пакуль не ўбачыце, што іншая дзяўчынка ў суседнім пакоі прымае лек з такім жа смакам, які зроблены быццам бы адмыслова для яе. Але, калі мы кажам пра рэцэпты, якія выпісвае нам Усемагутны Бог, сітуацыя іншая: гэтая мікстура — сумесь прыемнасцей і непрыемнасцей — сапраўды зроблена дзеля нас; няма двух аднолькавых людскіх жыццяў. Мікстура, для Машы, ні для кога іншага. Ахвяруй яе разам з келіхам: усё, што з табой здарыцца; усё, што з цябе вырасце; забавы, якія ў цябе будуць; любоў, якая, дай Бог, аднойчы прыйдзе ў тваё жыццё, і ўсё астатняе.
У якім духу трэба рабіць гэтае ахвяраванне? Мы якраз даходзім да гэтага. Святар схіляецца, кладучы рукі на алтар, углядаючыся ў гостыю, якая нясе з сабою ахвяру ўсяго, чым ён ёсць, і ў келіх, які нясе з сабою ахвяру ўсяго, што з ім будзе. Ён кажа:
“У духу пакоры і са скрухаю ў сэрцы няхай будзем мы прынятыя Табою, Пане, а нашая ахвяра няхай так сёння споўніцца перад абліччам Тваім, каб была Табе даспадобы, Пане Божа”.
Бачыце, мы ахвяроўвалі Богу сваё жыццё, адчувалі сябе даволі шчодрымі і ўвогуле быццам бы даволі добрымі людзьмі. І затым мы раптоўна ўспомнілі, наколькі людское жыццё ў пэўным сэнсе з’яўляецца для Бога страшна няважным. Спрабуючы зацікавіць Яго сваімі недарэчнымі дробязямі, сваімі абсалютна няважнымі нараджэннямі, шлюбамі і смярцямі, мы адчуваем сябе, як дзіця, якое толькі што паказала маці нейкую яркую бясформенную карцінку, нейкі вельмі кепскі верш, які не мае ні рыфмы, ні рытму, ні сэнсу, і чакае што яна скажа: “Вельмі міла, дарагая”.
Разумееце, Імша такая ўся ад пачатку да канца. Мы пастаянна вагаемся паміж тым, каб кінуцца да Бога з усведамленнем сваіх патрэб, і тым, што думка пра Божую веліч і ўласную нязначнасць адцягвае нас у сарамлівую і бязмоўную пакору. Гэтыя два матывы пастаянна перасякаюцца і ствараюць узор нашага танца. Так, несумненна, трэба ахвяраваць Яму сваё жыццё, але нельга забывацца і пра пачуццё прапорцыі. Нельга забывацца, што гэта па сутнасці тая ж сітуацыя, як калі вы схіляецеся і падымаеце матылька, які зрабіў вымушаную пасадку і адчувае сябе не вельмі добра. “Бедны, няшчасны”, — кажаце вы і дапамагаеце яму ўзмахнуць крыламі. Вось так нам варта глядзець і на сваё жыццё, калі мы хочам бачыць рэчы ў правільнай прапорцыі. Мы ляжым прыніжаныя і зламаныя, а Бог падымае нас. Вось тая ахвяра, якой Ён жадае.

Затым, хутчэй нечакана, ідзе трэцяя малітва, скіраваная да Святога Духа. Прынамсі я так мяркую, што яна скіравана да Святога Духа.
“Прыйдзі, Асвячальнік, усемагутны, вечны Божа, і благаславі гэтую ахвяру, Твайму святому імені падрыхтаваную”.
Калі дазволіце на момант стаць літургічным занудам, то я скажу, што гэта, напэўна, такі наш лацінскі эквівалент таго, што Грэчаскія Цэрквы называюць эпіклезай, гэта значыць закліканнем Святога Духа. У грэчаскіх абрадах гэтае закліканне робіцца пасля кансэкрацыі, і (на іх думку) менавіта ў гэты момант, а не ў момант кансэкрацыі, адбываецца перамена постацей.
Мы з нашымі лацінскімі звычкамі розуму не лічым, што Святы Дух чакае да апошняга моманту, а затым раптоўна ўмешваецца, каб унесці звышнатуральны элемент у тое, што адбываецца. Не, мы прывыклі думаць, што Ён цярпліва працуе ўвесь час, ад самага моманту, калі мы скончылі аферторый і ахвяраванне ляжыць гатовае. Разумееце, калі вы збіраецеся распаліць вогнішча на пікніку, трэба, каб спачатку надвор’е было спакойнае, пакуль вы не запаліце запалку і пакуль не зоймуцца першыя дубчыкі. Затым вам патрэбны павеў ветру, але не моцны і не рэзкі, каб ён паступова распаўсюдзіў агонь і працягваў гэта рабіць, пакуль вогнішча не разгарыцца. Такая ж сітуацыя і з нашым усеспаленнем: мы хочам, каб Святы Дух лагодна дыхаў на яго з першага моманту, калі мы ўжо сапраўды гатовыя, і каб Ён распаліў нашыя сэрцы і зрабіў іх яркімі, пакуль распальвае матэрыяльныя прынашэнні хлеба і віна звышнатуральным полымем, робячы іх Целам і Крывёю Хрыста.
Вось я і прачытаў вам два казанні пра аферторый, кожнае на чвэрць гадзіны. Сам жа аферторый у Імшы займае, думаю, хвіліны тры-чатыры. Я не чакаю, што вы запомніце ўсё, што я казаў, і будзеце прыгадваць гэтага на кожнай Імшы. Не, дастаткова, каб ваш настрой у гэты момант супадаў з настроем танца. Тры рухі: ахвяраванне сябе, прыніжэнне сябе, асвячэнне сябе заклікам Святога Духа.
Фота: Joseph Shaw / Flickr (CC BY-NC-SA).