З кнігі «Імша ў запаволеным руху» (1948)

Ногі мае сталі на цвёрдай зямлі,
на сходах буду я благаслаўляць імя Тваё, Пане (Пс 25).

Мы з вамі дабраліся толькі да кадзіла. Не думаю, што нам варта казаць пра яго, таму што яно бывае толькі на спяванай Імшы, а асабіста я так і не змог прыдумаць нейкай сістэмы, як можна было б увесь час пабожна прысутнічаць на спяванай Імшы. Хор стварае столькі шуму, што я не чую, як малюся. Я падумаў, што лепш дам вам пару хвілін маральнай тэалогіі. Кожны каталік абавязаны кожную нядзелю выслухаць усю Імшу. Але якая павінна быць мінімальная планка, каб Імша залічылася? Я маю на ўвазе, такая планка, што, калі б мы выслухалі восемдзесят працэнтаў, то ўжо не трэба было б слухаць восемдзесят першы.

Усе мы ведаем (прынамсі, я на гэта спадзяюся), што Імшу можна падзяліць на тры кавалкі: на пачатак, канец і сярэдзіну. Дык вось, вы ўвогуле не слухалі Імшу, калі не паслухалі два з гэтых трох кавалкаў, прычым адным з іх абавязкова павінен быць сярэдні. Трэці кавалак акрэслены даволі ясна: гэта частка ад абмыванняў да канца апошняга Евангелля. Калі вам трэба гатаваць сняданак або вы спяшаецеся па нейкай іншай паважлівай прычыне, вам можна ісці, калі святар нахіліць келіх у бок міністранта або, калі ўдзяляецца Камунія вернікам, як толькі становіцца ясна, што святар скончыў сваю Камунію.

Але зазвычай нас хвалюе штосьці іншае, а не пытанне таго, ці не надта рана мы выйшлі з касцёла. Значна больш спрэчнае пытанне, дзе дакладна ў Імшы наступае першы перапынак. Я маю на ўвазе, той момант, пасля якога вы ўжо не зможаце сцвярджаць, што ўвогуле слухалі Імшу, нават калі даседзіце да самага канца, таму што ўжо будзе позна. Я чуў, як гэтым момантам называлі яшчэ пачатак Евангелля; я чуў, як гэтым момантам называлі ажно “Sanctus” (але гэта не тое меркаванне, на якое я хацеў бы паставіць свае шансы трапіць у неба).

Мне здаецца, што самы бяспечны прынцып, які можна было б парэкамендаваць, такі: памежная рыса праходзіць праз збор ахвяраванняў. Я маю на ўвазе першы збор, а не другі, калі іх два. Не тое каб збор ахвяраванняў быў выключна важнай падзеяй Імшы, але згадзіцеся, што не было б разумным пасылаць чалавека з мяшком, пакуль не прыйдуць усе, хто збіраўся прыйсці. І, паколькі збор ахвяраванняў зазвычай пачынаецца падчас аферторыя (калі ёсць іншы чалавек, акрамя міністранта, які мог бы ім заняцца), я сказаў бы, што першы з трох кавалкаў працягваецца да аферторыя, не турбуючыся празмерна аб тым, самы пачатак гэта аферторыя ці тое месца, дзе пачынаецца кадзіла.

Можна я скажу яшчэ дзве рэчы наконт усяго гэтага? Па-першае, пастарайцеся адвыкнуць казаць на споведзі: “Я адзін раз спазнілася на Імшу ў нядзелю”. Гэта можа проста азначаць, што вы здзейснілі грэх непавагі, з’явіўшыся на Імшы пасярод Паслання; гэта таксама можа азначаць, што вы парушылі касцёльную запаведзь, прыйшоўшы толькі на “Ite, missa est”. Пастарайцеся прывыкнуць казаць святару, што здарылася: нішто не раздражняе ў канфесіянале так, як тое, калі пенітэнт кажа, што легкадумна ставіўся да чужой маёмасці, і чакае, што я здагадаюся, што ён спаліў адзін ці два стагі сена. Калі стаіць пытанне пра наведванне Імшы, то значна лепш будзе сказаць: “Аднойчы я прыйшла на нядзельную Імшу, калі ўжо чыталі Пасланне” або “калі ўжо казалі Ite, missa est”, у залежнасці ад абставін. І тады ўсім зразумела, пра што ідзе мова, і не трэба задаваць лішніх пытанняў.

Другая рэч такая: нават не пачынайце з намеру спазніцца на Імшу, хаця б у тыя дні, калі ёсць абавязак прыйсці на Імшу. Наколькі нудным ні было б казанне, не старайцеся падгадаць час так, каб яго прапусціць. Не прапускайце наўмысна ніводнай часткі Імшы. Імша, як я стараўся растлумачыць, гэта цэльная рэч, цэльнае дзеянне, а не проста набор запчастак. Варта хацець перажыць яе разам са святаром. І гэта грэх непавагі, калі вы плануеце прапусціць частку Імшы. Акрамя таго, вы дасканала разумееце, што насамрэч ведаеце, дзе вашая шапка, ведаеце, што аўтобусы рэдка ходзяць у нядзелю і што дарогі да касцёла роўна на дзве хвіліны больш, чым вам заўсёды здаецца. Адпаведна, вашая спроба пазбегнуць нуднага казання вельмі лёгка можа затрымаць вас да званкоў перад кансэкрацыяй. А потым вы прыйдзеце на споведзь і спытаецеся ў мяне: “Скажыце, гэта смяротны грэх?” Вось бы людзі паклапаціліся аб тым, каб пазбягаць дабравольных штодзённых грахоў! Свет стаў бы значна больш шчаслівым месцам. Калі б вы выходзілі ў касцёл з намерам прыйсці ў час, то былі б на месцы на збор ахвяраванняў, і тады спавядаліся б у штодзённым граху непавагі, калі ўжо так.

Замест гэтага мы марнуем час у канфесіянале, затрымліваючы астатніх людзей у чарзе і стараючыся высветліць, ці было гэта смяротным грахом; ці быў кіроўца трамвая, які хуценька збегаў у распівачную, каб перакуліць чарку, той выпадковасцю, якую вы маглі прадугледзець, ці той выпадковасцю, якой вы не маглі прадугледзець. Пастарайцеся думаць пра Імшу як пра цэльны досвед, які вы хочаце раздзяліць са святаром. Гэта не тое самае, што слухаць навіны па радыё, дзе кажуць пра розныя рэчы, так што можна сказаць: “Думаю, можна ўжо выключаць, таму што цяпер будуць навіны футбола”. Гэта ўсё адно, што казаць: “Думаю, трэба прачытаць гэты дэтэктыў, толькі я прапушчу дзве першыя главы і тры апошнія”. Імша цэльная.

Добра, думаю, дастаткова. Пяройдзем да таго месца, дзе святар мые рукі. Мне заўсёды цікава, ці думаюць вернікі, што святары ніколі не мыюцца дома: настолькі часта яны робяць гэта публічна. Біскупы займаюцца гэтым амаль увесь час. Трэба сказаць, што спачатку гэта была даволі практычная рэч, але цяпер у ёй няшмат сэнсу, хіба што кадзільшчык еў ірыску ў сакрыстыі і ланцужкі кадзільніцы сталі ліпкімі. Але, нават калі гэта толькі след былой практыкі, у ім ёсць вельмі добры сімвал. Мыццё рук дае вам адчуванне, што вы скончылі папярэднюю справу і пераходзіце да наступнай; што нейкая завершаная рэч засталася ў вас за плячыма, а перад вамі разгортваецца штосьці новае.

Думаю, прыкладна так мы адчуваем сябе, калі пасля доўгага падарожжа ў цягніку даязджаем да свайго месца, прачынаемся і ідзём мыцца. Добры настрой вам дае не проста адчуванне чыстых рук і твару (і не тое, што вы напісалі сваё імя на запацелым акне вагона). Гэты працэс нейкім чынам даносіць да вас адчуванне таго, што вы прыехалі, а да таго ж яшчэ разуменне, што хутка будзе сняданак. Вось жа, на Імшы мы стараемся крыху стрэсці з сябе пыл гэтага свету і паўдзельнічаць у прысутнасці Караля ў каралеўскім банкеце. Нам будзе няёмка, калі мы не зробім хаця б нейкую фармальную падрыхтоўку. Хаця б толькі гэты жэст. Зрэшты, і перад абедам нам не заўсёды ўдаецца адмыць з рук усё чарніла, але гэта лепш, чым нічога.

Калі мы размаўлялі пра падрыхтоўку святара, я казаў, што яна павінна даць нам адчуванне таго, што мы аддзелены ад грэшнага свету і сабраны разам на ўтульнай сямейнай вечарыне. Думаю, пры “Lavabo” гэтае адчуванне павінна вярнуцца да нас з яшчэ большай сілай. Прычына гэтага ў тым, што ў раннім Касцёле катэхумены, гэта значыць людзі, якія яшчэ не ахрышчаны, але рыхтуюцца стаць хрысціянамі, якія вучацца прафесіі быць хрысціянамі, заставаліся на Імшы толькі да сярэдзіны. Пасля казання іх выводзілі. Пачынаючы з аферторыя Імша становіцца чыста сямейнай справай.

Гэта праўда, што сённяшняя дысцыпліна Касцёла не кажа нам выводзіць некаталікоў за дзверы. Але я думаю, што станоўчы бок гэтага адчування ўсё ж павінен заставацца з намі: калі святар ідзе мыць рукі, нас павінна падбадзёрваць думка, што гэта нашае шоу. У касцёле пануе дзелавая атмасфера. Калі дазволіце зрабіць недалікатнае параўнанне, гэта як калі хтосьці плануе валіць дрэва ці штосьці падобнае і плюе на далоні, беручыся за справу. Я зусім не хачу, каб вы рабілі штосьці не ўласцівае жанчынам, але, калі святар мые рукі на Імшы, думаю, мы маглі б прыгадаць (дзесьці ў глыбіні душы) рабочага, які плюе на далоні, каб узяцца за справу. Як і падчас падрыхтоўкі, мы яшчэ раз кажам сабе: “Ну, пачынаем”. Цяпер паглядзім, што кажа псальм.

“Абмыю я разам з чыстымі сэрцам свае рукі і займу паміж імі сваё месца пры алтары, слухаючы гукі хвалы Тваёй і апавядаючы гісторыю ўсіх цудаў Тваіх. Пане, палюбіў я красу дома Твайго і месца, дзе прабывае слава Твая! Не палічы, Пане, душу маю страчанай з бязбожнікамі і гэтае жыццё не залічы да крыважэрных, чые рукі заўсёды заплямлены віною і чые далоні заўсёды цягнуцца да подкупу! Дай мне накіраваць крокі свае ад зла, выбаві мяне ў сваёй міласэрнасці. Ногі мае сталі на цвёрдай зямлі, на сходах буду я благаслаўляць імя Тваё, Пане”.

Калі я апавядаў вам пра псальм “Judica” ў пачатку Імшы (толькі вы ўжо пра гэта забыліся), я казаў, што некаторыя лічаць, што сітуацыя там наступная: нейкі левіт быў сасланы са сваёй краіны, але цяпер ён апраўданы, і псальм паказвае тую радасць, якую ён адчувае з-за таго, што яму можна зноў вярнуцца да Божага алтара.

Цікава, але я адчуваю мозгам касцей (магчыма, я памыляюся), што ў гэтым псальме сітуацыя тая ж: чалавек знаходзіўся пад ілжывым абвінавачваннем, а цяпер ён апраўданы. Я думаю, яго абвінавацілі ў тым, што ён браў хабар за тое, каб даць фальшывае сведчанне або нават даць фальшывыя паказанні ў судзе. Быў разгляд справы аб забойстве, і суддзя падумаў, што забойцы падкупілі яго, каб ён заняў іхні бок. Але потым справа нейкім чынам праяснілася, і ён можа зноў паказаць сваё аблічча. Паглядзіце, наколькі больш сэнсу гэта надае ўсяму псальму: “Не палічы, Пане, душу маю страчанай з бязбожнікамі і гэтае жыццё не залічы да крыважэрных, чые рукі заўсёды заплямлены віною і чые далоні заўсёды цягнуцца да подкупу”. Цяпер усё ў парадку, яго добрае імя адноўлена; ён абмые рукі разам з чыстымі сэрцам — яны больш не будуць жахацца яго, быццам бы ўбачылі кроў у ракавіне, — і затым ён зойме сваё месца сярод іх, калі яны стануць паўколам пры алтары. Стары пераклад кажа: “Я буду абыходзіць алтар Твой, Пане”, але гэта нонсэнс. Вакол юдэйскіх алтароў вадзілі не больш карагодаў, чым вакол нашых. Гэта не тое месца, вакол якога можна хадзіць і хадзіць. Не, аўтар псальма будзе адным з тых, хто стаіць вакол алтара; яму больш не будзе сорамна там паказацца.

Я не думаю, што большасці з вас даводзілася перажываць такую рэч, як несправядлівыя падазрэнні ў тым, чаго вы не рабілі; хутчэй наадварот. Можа быць, вам казалі, што вы гучна размаўляеце ў інтэрнаце, тады як насамрэч вы ўсяго толькі напявалі сабе пад нос. Але я не думаю, што вам даводзілася трапляць у рэальную ганьбу, а потым аказвацца невінаватымі. Аднак вы можаце сабе ўявіць, які гэта стрэс. Думаю, у гэтай частцы Імшы мы можам адчуць нешта падобнае: не па прычыне таго, што мы былі невінаватымі і выявілася, што мы сапраўды невінаватыя, а па прычыне таго, што мы былі вінаватымі, але цяпер нас прабачылі. Згадзіцеся, што нам пастаянна кажуць засяроджвацца на сваіх грахах, плакаць над імі і ніколі пра іх не забывацца. Мне цікава: ці не трэба нам больш заахвочвання радавацца і нават весяліцца з таго, што нашыя грахі былі прабачаны? А мы ведаем, што заслугамі Езуса Хрыста яны былі прабачаны. Як думаеце, калі мы бачым, як святар мые рукі і рыхтуецца заняць сваё месца сярод чыстых сэрцам, ці не варта нам паспрабаваць усвядоміць сабе, што нашыя грахі прабачаны, што яны сапраўды засталіся ў нас за спіной, былі змыты, як пыл чыгуначнага падарожжа?

І тады святар, які хадзіў туды-сюды і хутчэй задаволена, прабачана кланяўся алтару, зноў спыняецца пры сярэдзіне і схіляецца, каб прамовіць прыгожую ўсеабдымную малітву “Suscipe, sancta Trinitas”. Зноў, як і ў пачатку Імшы, ён не можа нагадаць сабе, што мы сямейная вечарына, закрытая ад грахоў, ад усяго шуму і пылу знешняга свету, не нагадаўшы сабе, што пры складанні ахвяры Імшы мы яднаемся не толькі з усімі вернымі хрысціянамі па ўсім свеце, але таксама і з памерлымі. Асабліва з тымі слаўнымі памерлымі, са святымі, якія пакланяюцца Богу пры Яго нябесных алтарах, як мы робім гэта пры зямных. Таму ён схіляецца і просіць Святую Тройцу прыняць нашую ахвяру, якую мы складаем перадусім на ўспамін мукі, уваскрасення і ўнебаўшэсця нашага Пана — той тройцы таямніц, вакол якой круціцца Імша. Але ў той жа час мы ўшаноўваем святых: Найсвяцейшую заўсёды Дзеву Марыю, святога Яна Хрысціцеля, святых апосталаў Пятра і Паўла і ўсіх астатніх — вялікае мноства святых. Іх збаўленне з’яўляецца несумненным, таму мы складаем ахвяру нам на збаўленне, а ім на хвалу. Мы хочам, каб яны ўспомнілі нас у сваіх малітвах перад тронам ласкі, як мы тут успамінаем іх з падзякай. З імі, з людзьмі чыстага сэрца, мы станем у адзінае кола каля вечнага алтара.

Фота: Joseph Shaw / Flickr (CC BY-NC-SA).