З кнігі «Імша ў запаволеным руху» (1948)
Я буду хваліць Цябе ў супольнасці анёлаў,
нізка схілюся перад Тваёй святой святыняй (Пс 137).
Мы дайшлі да малітваў, якія называюцца сакрэтамі. Чаму шмат якія часткі Імшы святар чытае ціха, а не выкрыквае іх па-лацінску, каб кожны мог пачуць? Хаця б у такой вучонай установе, як гэтая, дзе некаторыя з вас, напэўна, ужо перайшлі да трэцяга спражэння. Калі шчыра, я не ведаю. Груба кажучы, можна лічыць, што на ціхай Імшы святар кажа ўголас усе часткі, якія спяваліся б на спяванай Імшы, і кажа шэптам усё астатняе. Груба кажучы, на спяванай Імшы святар кажа шэптам толькі тады, калі крычыць хор. Але як так атрымалася? Ці было так, што святар сказаў сабе: “Нават не збіраюся чытаць гэты кавалак уголас, таму што сапрана ўвесь час мяне заглушаюць”? Або арганіст сказаў: “Здаецца, святару няма чаго сказаць: давайце, хлопцы, пакажам, на што мы здольныя”? Я не ведаю. Я толькі ведаю, што мне часам хочацца, каб гэтыя таемныя малітвы пасля аферторыя прамаўляліся гучна, таму што некаторыя з іх вельмі прывабныя. Вось хаця б малітва з мінулай нядзелі: “Пане, мы прыносім Табе ахвяры ўміласціўлення, каб Ты літасціва адпусціў нам правіны нашыя і накіраваў хісткія сэрцы”. Скажыце мне, што гэта не радасная малітва. Або вось з пярэдадня нядзелі Мукі Пана: “Прыняўшы нашыя прынашэнні, будзь улагоджаны, просім Цябе, Пане, і ласкава прыцягні да сябе нават нашу ўзбунтаваную волю”. Скажыце мне, што гэта не радасная малітва. А я вымушаны чытаць іх шэптам.
Але ёсць і добрая рэч: гэта пастка для няўважлівых. Калі вы не будзеце пільныя, то трапіцеся ў яе. Я не кажу, што святы Касцёл паставіў сюды сакрэты менавіта для гэтага; святы Касцёл не паводзіў бы сябе так неспартыўна. Не, гэта проста шчаслівае супадзенне, што яны тут знаходзяцца. Разумееце, мы толькі на сярэдзіне Імшы, але не ўсе з нас могуць заставацца ўважлівымі больш за пятнаццаць хвілін. А некаторыя ўвогуле спяць; я разумею, у вас была паганая ноч, таму што дзяўчынка ў суседнім ложку размаўляла ў сне. Але нават тады, калі вам не пагражае дрымота як такая, вы ўсё роўна становіцеся рассеянай. Чаму тая дзяўчынка спераду носіць косы, калі яны настолькі відавочна ёй не пасуюць? І гэтак далей, і — per omnia sæcula sæculorum. Ага, не чакалі? Думалі, я і далей буду мармытаць сабе пад нос? Нават міністрант задрамаў; ён адказаў “Amen” толькі таму, што не змог прыдумаць нічога лепшага. Значыць, Dominus vobiscum; цяпер вы ўсе са мной? Et cum spiritu tuo, добра, выдатна. Затым sursum corda, уздыміце сэрцы. Гэта не азначае, што вам трэба засяродзіць увагу на канкрэтным сардэчным клапане ў грудзях і ўявіць сабе, што вы піхаеце яго ўверх. Гэта азначае набраць паветра ў грудзі і дазволіць усяму сабе выйсці насустрач Богу. У якім духу? У духу пакуты? Не. Упэўненасці? Не. Пакланення? Не, але блізка. Любові? Не зусім. Удзячнасці. Падзякуем Пану Богу нашаму. Усё іншае, вядома, таксама мае месца, але тыповай паставай хрысціянаў пры пакланенні свайму Богу будзе ўдзячнасць. Вось чаму мы кажам: святая Эўхарыстыя. Перадусім Імша азначае, што мы нагадваем сабе пра тое, што мы адкуплены, што Езус Хрыстус быў укрыжаваны за мяне. Таму мы найперш пераводзім дух пасля цудоўнага ўратавання і дзякуем Богу за яго.

Менавіта гэта я кажу вам словамі “gratias agamus Domino Deo nostro”, а вы згаджаецеся са мною: “Dignum et justum est, — кажаце вы, — сапраўды, рабіць так — гэта годна і справядліва”. Наколькі непрыемна калі-нікалі сутыкацца з людзьмі, якія чапляюцца да тваіх слоў і выварочваюць іх. Вы ведаеце, пра што я кажу. Калі якая-небудзь пажылая дама кажа вам: “Вельмі шкада чуць, што ваша маці зламала нагу”. А вы кажаце: “Ну, так, цяпер ёй вельмі нудна”. А пажылая дама пачынае заводзіцца: “Дарагая мая, вось калі вы зломіце нагу, то зразумееце, што гэта значна горш, чым проста нудна. Гэта яшчэ надзвычай балюча і небяспечна. Я ведаю, што ваша дарагая маці — вельмі энергічная жанчына, і, напэўна, час для яе цяпер цягнецца вельмі і вельмі павольна. Напэўна, гэта вы мелі на ўвазе, калі казалі “нудна”? Я спадзяюся, вы зразумееце, што гэты час для яе вельмі балючы, і чым менш крыкаў і скокаў будзе ў калідоры, тым хутчэй яна паправіцца”. Упэўнены, вы з такім знаёмыя. І толькі вы захочаце, пераступіўшы праз сваю ветлівасць, сказаць штосьці яшчэ, як пытанне ўжо будзе лічыцца закрытым. Мне здаецца, што святар паводзіць сябе ў чымсьці падобна, калі вы кажаце: “Dignum et justum est”, годна гэта і справядліва. Ён працягвае бурчаць: “Dignum et justum est, годна і справядліва, вось ужо я не ведаў, што гэта годна і справядліва”. (Не крыўдуйце, святары часам бываюць такія.)
Dignum est: гэта адпавядае нашай годнасці людскіх істот; justum est: гэта адпавядае нашаму стану стварэнняў; æquum est: гэта слушна, што мы, памілаваныя злачынцы, дзякуем пры кожнай магчымасці. І ёсць яшчэ чацвёртае слова: salutare. Што яно азначае?
Я не ведаю, які пераклад дадзены ў вашых кнігах; напэўна, “збавенна” або штосьці такое. Але я не думаю, што ідэя ў гэтым. Мне здаецца, што гэта азначае: “Гэта здаровы знак”. Гэта здаровы знак, калі ў розныя цяжкія часы і ў розных сумнеўных месцах хрысціянін адчувае жаданне дзякаваць Богу. Штосьці падобнае ўрач назваў бы здаровым знакам, калі б казаў пра стан вашага цела: добры апетыт, напрыклад. Калі б яму сказалі, што вы з ахвотай паядаеце бліны, тады як у вас падазрэнне на адзёр, то ён сказаў бы, што гэта здаровы знак. Тое ж трэба разумець і пра ўдзячнасць у хрысціянскай душы: магчыма, гэта не самае важнае, але гэта здаровы знак. Асоба, якая пастаянна бурчыць і песціць у сабе крыўды, можа быць у поўным парадку; шмат у чым гэта пытанне нашага тэмпераменту і нават стрававання; тут не ўсё так відавочна. Аднак, калі чалавек паводзіць сябе адваротным чынам, калі ён заўсёды ўдзячны Богу за дробныя міласці і за справы, якія ідуць добра, мне здаецца, гэта добры знак, што ён або яна знаходзяцца на дарозе да неба.
Гэтае пытанне таго, што трэба заўсёды быць удзячным Богу, прыводзіць нас да наступнага факта, які патрабуе нашай увагі: прэфацыя на працягу года не заўсёды адна і тая ж. У розныя перыяды года мы ўспамінаем розныя этапы таго, як наш Пан Езус Хрыстус здабываў нашае адкупленне. І ў кожны з гэтых перыядаў года мы надаём свежы паварот таму вялікаму спеву ўдзячнасці, які называем прэфацыяй. Ва ўсе часы і ва ўсіх месцах мы павінны дзякаваць Табе, Усемагутны Божа, але атрымліваецца так, што ў канкрэтны дадзены час (на Божае Нараджэнне, Пасху, Пяцідзясятніцу і г. д.) удзячнасць, якую мы адчуваем, з’яўляецца ў нейкім сэнсе выключнай, не такой, як звычайна. Вось час, калі Ты стаў малым Дзіцём у Бэтлееме, і мы вельмі ўдзячныя Табе за гэта! Вось час, калі Ты дзеля нас перамог смерць, і мы вельмі ўдзячныя Табе за гэта! Вось час, калі Ты спаслаў Святога Духа, каб падбадзёрыць нас у нашым адзінокім падарожжы па гэтым свеце без Цябе, і мы вельмі ўдзячныя Табе за гэта! Вядома, мы ўдзячныя заўсёды, але вось цяпер удзячныя яшчэ больш.
Чаму прэфацыі настолькі добрыя, я нават не ведаю. Не тое каб яны былі жахліва добрымі або дасканала ясна выказваліся, але нейкім чынам ім удаецца сказаць шмат вельмі лаканічнымі словамі. На Божае Нараджэнне мы павінны быць асабліва ўдзячныя, таму што ў свеце заззяла новае святло, у Бэтлееме пранеслася маланка, у якой мы ўбачылі раней нябачнага Бога, і з таго часу нашыя вочы сумуюць па тых рэчах, якіх мы не можам бачыць. На Аб’яўленне Пана мы павінны быць асабліва ўдзячныя, таму што гэтае бачанне Бога, Які стаўся смертным чалавекам, з’яўляецца для нас свайго роду пуцяводнай зоркай, якая прадвяшчае золак нашай уласнай несмяротнасці. У перыяд Мукі Пана мы павінны быць асабліва ўдзячныя, таму што на Кальварыі Езус Хрыстус перамогу сатану яго ўласнай зброяй; Ён убачыў, як той, нібы дубінай, размахвае райскім дрэвам, якое стала прычынай гібелі Адама, і разбіў яго іншым дрэвам — дрэвам Крыжа. У Велікодны перыяд мы павінны быць асабліва ўдзячныя, таму што ў гэты час сам Хрыстус ахвяруецца за нас як наша пасхальнае Ягня і праліццём сваёй крыві знішчае прамоўлены над намі смяротны прысуд. На Унебаўшэсце нам зноў трэба быць асабліва ўдзячнымі, таму што пасля ўваскрасення Ён бачным чынам узышоў на неба, каб лучнасць Яго людской натуры з вечнай істотай Бога магла ўсіх нас зрабіць боскімі. На Пяцідзясятніцу мы павінны быць асабліва ўдзячныя, таму што цяпер, седзячы праваруч Бога, Ён паслаў нам, сваім усыноўленым дзецям, Святога Духа і прымусіў увесь свет трымцець ад Яго ласкавага ўплыву. Незвычайныя, прымітыўныя фразы — далёка не тыя паношаныя выразы, якія можна бачыць у нашых падручніках па тэалогіі, — вяртаюць нас у тыя часы, калі (ці можна асмеліцца так сказаць?) тэалогія была ў нейкім сэнсе больш багатай, таму што не была настолькі жахліва дакладнай.

Нават Вялікі пост мае сваю ўласную прэфацыю, хоць мы зазвычай і не думаем пра Вялікі пост як пра штосьці, за што трэба быць удзячнымі. Мы заўсёды асацыюем яго з тым, што не ядзім цукеркі, або з чымсьці падобным. Але нават у Вялікім посце нам варта быць асабліва ўдзячнымі за гэтую магчымасць утаймаваць сваё цела і падарыць крылы сваім душам, праз захаванне посту атрымаць новыя сілы для зямной бітвы і новую нагоду для радасці, калі ўсё гэта скончыцца і мы абернемся назад з неба. Асабіста мне вельмі шкада, што большую частку года мы вымушаны задавольвацца дзвюма прэфацыямі: звычайнай прэфацыяй у будні і даўжэйшай у нядзелі ў гонар Найсвяцейшай Тройцы. Я мяркую, што раней варыянтаў было больш. У дамініканскім касцёле мне прыходзілася карыстацца дамініканскім Імшалам, і мне здалося, што ў іхнім абрадзе (вы памятаеце, што ў ім захавалася больш сярэднявечных рэчаў, чым у нашым абрадзе) ёсць новая прэфацыя амаль на кожны дзень.
Пасля гэтых варыяцый прэфацыя заўсёды вяртаецца да адной і той жа кропкі. Яна заўсёды запрашае нас падумаць пра благаслаўлёныя хоры анёлаў вакол Божага трона і злучыць сваю хвалу з іхняй. Раней я казаў вам, што мне падабаецца глядзець на гэта, як на паступовае ўзыходжанне спачатку праз першы ранг нябесных істот, затым праз другі — і так пакуль мы не дойдзем да самога трона. Напэўна, некаторыя з вас, калі едуць дадому на святы, глядзяць у акно вагона і чытаюць назвы станцый, каб зразумець, наколькі блізка Лондан: “Вось Бернем, цяпер Бакс… выдатна, мы каля Слау; цяпер Вэст-Дрэйтан і Юслі, вельмі добра; глядзі, тут пачынаецца метро, значыць, гэта Ілінг-Брадвей; а вось Хануэл, там справа прытулак для ненармальных”. І затым, нарэшце, прыемнае тармажэнне на вакзале Падынгтан. Штосьці падобнае адбываецца або павінна адбывацца, калі мы чытаем прэфацыю. Вось Анёлы, але нам трэба далей; вось Панаванні, але мы хочам да сапраўднага Пана сусвету; вось Улады, але нам трэба дабрацца да Крыніцы ўсялякай улады; вось нябесныя Моцы, але нам трэба штосьці мацнейшае; вось Серафімы, настолькі шчаслівыя ў сваёй любові, але іхняя любоў — гэта толькі слабы водбліск у параўнанні з боскім Вогнішчам, якое іх распальвае. Так, мы рады іх бачыць, мы махаем кожнаму з іх, але спыніцца не можам; нам трэба ў самую сярэдзіну, проста да Божага трона. Іхнія воклічы пакланення чуваць усё мацней і мацней, і мы па меры магчымасці далучаемся да іх сваімі нягеглымі, слабымі, вісклівымі сапрана; яны не супраць, і Бог таксама не супраць. Supplici confessione dicentes — і тады святар, як рухавік, які раптоўна выпускае пар за станцыяй Роял-Оўк, схіляецца і сцішвае голас да шэпту: “Sanctus, Sanctus, Sanctus, Dominus Deus Sabaoth”.
Калі вы займаецеся музыкай і будзеце пісаць Імшы, калі пасталееце, не дазваляйце хору ператвараць “Sanctus” у вялікі гвалт, як некаторыя робяць; гэта няправільна. У Імшы няма нічога больш цудоўнага, чым схіліць галаву, сцішыць голас, калі святар даходзіць да гэтага месца. Гэта як ісці пад парывістым ветрам, а потым раптоўна зайсці за рог і аказацца пад абаронай якой-небудзь вялікай скалы, у абсалютнай цішыні. Увесь эфект імшальнага танца ў гэтым месцы залежыць ад раптоўнага зацішша, ад раптоўнага замірання шуму. Святар стаяў абсалютна роўна і, развёўшы рукі, прамаўляў гучным голасам, як быццам бы вітаўся з усімі шэрагамі нябеснай іерархіі па меры таго, як праходзіў перад імі, — і раптам напрамак руху змяняецца на адваротны. Ён схіляецца і пачынае казаць шэптам. Чаму? Думае пра свае грахі? Не, не гэтым разам. Пакора? Не, не цяпер. Насамрэч нават не з пашаны. Ён схіляецца, таму што цяпер ён дайшоў да самых дзвярэй нябеснага храма і зазірае ў замочную шчыліну. Ён кажа: “Тсс! Я бачу! Перада мной ззяе Божая слава, якая напаўняе зямлю і неба. Зніміце абутак, пойдзем бліжэй, вельмі ціха, на пальчыках. Не звяртайце больш увагі ні на Анёлаў, ні на Панаванні, ні на людзей; хадзіце зірніце. Вось, бачыце? Усе зніміце абутак, і пойдзем вельмі ціха, на пальчыках”.
Фота: Joseph Shaw / Flickr (CC BY-NC-SA).