З кнігі «Імша ў запаволеным руху» (1948)

Перш за ўсё, я заклікаю, каб прашэнні, малітвы,
просьбы аб заступніцтве і падзякі ўзносіліся за ўсіх людзей (1 Цім 2:1).

У сваім мінулым казанні я не меў часу распавесці пра адну асаблівасць, якая з’яўляецца на Імшы ўпершыню: я маю на ўвазе званок. Чаму мы так шмат звонім у званкі? Я падазраю, што малы вісклівы званок у прэзбітэрыі — гэта свайго роду мініяцюрная версія вялікага звана або званоў на вежы касцёла. Падобна як у інтроіце святар прамаўляе толькі адзін верш псальма, хоць варта было б чытаць увесь псальм, так, мяркую, і званы на званіцы калісьці павінны былі званіць нашмат больш, чым яны робяць гэта цяпер; проста сакрыстыяніну было ляніва брацца за вялікую вяроўку кожны раз, калі святар даходзіў да “Sanctus”. Разумееце, хворым людзям было б больш радасна сачыць за ўсёй Імшой, а не толькі чуць кансэкрацыю на адной спяванай Імшы ў нядзелю. Магчыма, я ўвогуле памыляюся: гэта ўсё мае выдумкі. Пра касцёльныя званы я мог бы расказваць вам гадзінамі. Напрыклад, чаму іх хрысцяць, як людзей? Вядома, яны не атрымліваюць ласку веры, але для іх ёсць адмысловая хрысцільная цырымонія, і яны атрымліваюць імёны. Гэта даволі дзіўна: больш ніякая рэч у касцёле не атрымлівае імені. Вам падалося б вельмі незвычайным, калі б я стаў называць кошык для ахвяраванняў іменем Персі. Я думаю, што званы настолькі спляліся з важнымі падзеямі нашага жыцця ў вясельным перазвоне і жалобным бомканні, што людзі Сярэднявечча пачалі адчуваць да іх пэўную сяброўскую прывязанасць; гэта былі такія супольныя гадаванцы на вёсцы. Лічыцца таксама, што званы праганяюць д’ябла, і трэба сказаць, што я ведаю мноства касцёльных званоў, якія адагналі б мяне, калі б я быў д’яблам. Але ў нас няма часу размаўляць пра гэта; засяродзім нашую ўвагу на малым вісклівым званку.

Нашую ўвагу — у кнігах сказана, што званок звоніць на Імшы, каб абудзіць уважлівасць і пабожнасць вернікаў. Я лічу вельмі сумнеўнай ідэю, што на спяванай Імшы, калі святар жыва праспяваў прэфацыю, а хор пачынае выдаваць велічныя арганныя акорды на “Sanctus”, малы званок у прэзбітэрыі можа нейкім чынам абудзіць вернікаў. Мне здаецца, такім вернікам спатрэбілася б сірэна. Калі шчыра, то я думаю, што ўсё гэта частка той жа гісторыі са святымі Анёламі і тым, як святар адчувае, што дайшоў да дзвярэй неба і можа зазірнуць у замочную шчыліну. Падышоўшы да дзвярэй, мы звонім у званок. І мы не робім гэтага дзеля забавы: мы робім гэта, каб паказаць святым Анёлам, што мы тут. “Калі ласка, перадайце, што Маша прыйшла”. Вось сэнс званка на “Sanctus”. Або, калі хочаце вярнуцца да той аналогіі з цягніком, які прыбывае на вакзал Падынгтан і пра які мы казалі на мінулым тыдні, можна лічыць, што званок на “Sanctus” — гэта адзін з кароткіх звонкіх гукаў, якія падае сігнальны пост, калі вы чакаеце свой цягнік на станцыі. Я думаю, гэта азначае, што пуць свабодны і наступны цягнік можа ехаць не асцерагаючыся аварыі. Таму, калі хочаце, званок на “Sanctus” азначае, што пуць свабодны і Маша можа праязджаць далей.

Тым часам святар зноў сціхае. Як я кажу, гэта можа быць таму, што на спяванай Імшы хор яшчэ і блізка не дайшоў да канца “Sanctus”, а святар не чакае, пакуль яны скончаць. На ціхай жа Імшы пачынаецца Канон і наступае магутная, выразная цішыня, праўда? Яркая, празрыстая цішыня, якая стварае ўражанне, што адбываецца штосьці вельмі важнае і што ўсе ў захапленні затрымліваюць дыханне. Калі вы з тых людзей, каму больш падабаецца чытаць свае ўласныя малітвы, а не сачыць за літургіяй, то для вас гэта таксама карысная цішыня. Гэта той час, калі варта памаліцца за ўсіх людзей, за якіх вы хочаце памаліцца, роўна як і за многіх іншых людзей: за галодных немцаў і пераследаваных палякаў, за атэістаў у Расіі і за атэістаў у нашай краіне. Але гэтыя казанні прызначаны для людзей, якім падабаецца сачыць за літургіяй, таму нам трэба зазірнуць святару цераз плячо і паглядзець, пра што ён чытае. Тэкст малітвы ёсць у нашых кнігах з падрадкоўнікам. Падрадкоўнік пачынае: “Таму Цябе, найласкавы Ойча”. Гучыць не зусім складна. Пра што ўвогуле ідзе мова?

Гэта выглядае так, быццам бы святар раптоўна ўспомніў, што нічога не рабіў з хлебам і віном з моманту аферторыя; іх увогуле магло тут не быць увесь гэты час. Таму ён бярэцца за працу, за рэальную ахвяру. Літургічныя людзі шмат носяцца са словам “таму”, хоць у гэтым няма ніякай патрэбы. У лацінскім слоўніку вы ўбачыце, што “igitur” перакладаецца як “таму”, але насамрэч гэта вельмі слабое слова. Гэта ўсё адно што прачысціць горла: “Кхм, дык вось, што я казаў” — вось і ўсё, што яно азначае. І святар кажа: “Дык вось, мы ведаем, які Ты любячы Айцец (пра гэта нам сказала прэфацыя), і мы прыходзім да Цябе per Jesum Christum, Dominum nostrum, таму што наш Пан Езус Хрыстус нам дазволіў і зрабіў, каб у нас не было ад гэтага праблем. І мы хочам, каб Ты прыняў ад нас і благаславіў, зрабіў вельмі карыснымі для нас гэтыя нашы дары, гэтыя нашы прынашэнні, гэтую святую і беззаганную ахвяру”. Гэтыя ўзвышаныя словы ён кажа пра круглы кавалак прэснага хлеба, які дастаў з бляшанкі, і пра невялікую колькасць не надта выдатнага віна з Аўстраліі, таму што, як я казаў, дзеянне Імшы з’яўляецца адным цэлым, і час тут не лічыцца. Хлеб і віно яшчэ не кансэкраваны, але яны будуць кансэкраваны вельмі хутка, так што можна лічыць, што гэта ўжо адбылося. Ён ужо прыносіць Усемагутнаму Богу вечную ахвяру Кальварыі.

І затым ён пераходзіць да таго, што апісвае, за каго ён ахвяруе гэтае прынашэнне. Не будзем забывацца пра значэнне гэтага прынашэння: кожная ласка, якая калісьці выпала мне або вам, была дадзена нам толькі таму, што Езус Хрыстус памёр за нас і быў ахвяраваны замест нас, панёс замест нас нашае пакаранне. На Імшы ж, якая з’яўляецца працягам Кальварыі, мы нібы стараемся выпіхнуць нашага Пана наперад і зрабіць Яго прадстаўніком усіх тых, за каго мы хочам памаліцца. Вы ведаеце, што бывае, калі нейкая група з вас захоча звярнуцца з няёмкай просьбай да той ці іншай важнай асобы. Маці-настаяцельніца выходзіць, і вы хочаце папрасіць яе аб выходным дні: вы ўсе стаіце і падпіхваеце адна адну наперад. “Не, давай ты скажы… Ды не, ты што, яна мяне не паслухае, давай ты” і гэтак далей. У нейкім сэнсе гэта тое, чым мы займаемся ў гэтай частцы Імшы. Мы хочам, каб Бог зрабіў штосьці для ўсіх няшчасных людзей у Еўропе, якім няма куды ісці, няма дзе жыць, — і таму мы ставім на чале іх нашага Пана Езуса Хрыста, Які таксама не меў дзе схіліць галаву. Напэўна ж, Усемагутны Бог цяпер зверне на нас увагу? І гэтак далей. Вось што значыць ахвяраваць нашага Пана на Імшы: нагрузіць усе нашыя патрэбы на Ягоныя плечы, на Яго цярплівыя плечы; схаваць усе нашыя недахопы за Ягонай вопраткай, за Яго вялікай, утульнай вопраткай.

Мы пачынаем з таго, што молімся за ўвесь Каталіцкі Касцёл. Не толькі за нас; мы толькі частка Каталіцкага Касцёла. І алтар насамрэч ёсць толькі адзін: алтар у мяне за плячыма — той жа, што і галоўны алтар у базіліцы святога Пятра або галоўны алтар у Вэстмінстэрскім саборы, або брудная, малая скрыня з-пад мыла, на якой, магчыма, які-небудзь бедны сасланы святар па меры сваіх магчымасцей служыць Імшу дзе-небудзь у Сібіры. Ёсць толькі адзін алтар, а ўвесь Каталіцкі Касцёл — гэта адна супольнасць, якая моліцца разам. Усе вы, што стаіце на каленях на Імшы, з’яўляецеся толькі прадстаўнікамі — будзем спадзявацца, добрымі прадстаўнікамі — усяго Каталіцкага Касцёла, які стаіць на каленях у гэтай капліцы. Проста гэтага не бачна. Падобна як Імша прасякае час, яна прасякае таксама прастору. Пасуньцеся там крыху і дайце месца гэтым эскімосам…

Але зразумела, што такую вялізную з’яву, як еднасць хрысціянскага Касцёла, спасцігнуць нялёгка. Большасці з нас лягчэй успрымаць асобу, чым інстытут. Наш патрыятызм лягчэй узбуджаецца ад “Божа, беражы Караля”, чым ад “Кіруй, Брытанія”, таму што кароль Георг, нават калі мы не бачылі яго, гэта голас па радыё, тады як Брытанія — гэта ўсяго толькі ўяўная жанчына на адваротным баку манеты. Таму на Імшы мы падсумоўваем для сябе ідэю Каталіцкага Касцёла так, быццам бы яго прадстаўляе толькі адзін чалавек — Папа Пій ХІІ. Мы просім, каб Бог даў Касцёлу спакой, гэта значыць перадышку ад усялякага пераследу; каб даў яму еднасць, гэта значыць больш сяброўскія адносіны паміж яго цяперашнімі членамі і больш моцную надзею на вяртанне хрысціянаў, якія адбіліся ад статка; а таксама каб Бог даў яму мудрае кіраўніцтва. Усе гэтыя ідэі лёгка падсумаваць, калі падумаць пра Святога Айца ў Рыме і пра тое, чым заняты ягоныя думкі. Але ў той жа час мы не павінны забывацца, што ў нас ёсць свае ўласныя сувязі, свае ўласныя прывязанасці. Таму, згадаўшы Папу Пія ХІІ як чалавека, для якога мы просім асаблівага благаслаўлення, мы пераходзім да таго, што тлумачым Усемагутнаму Богу, што належым да дыяцэзіі Шрусбуры і што намі кіруе біскуп Марыярці.

У Імшале, якім карыстаюся я (не ведаю пра вашыя), імёны Папы і біскупа не напісаны; замест таго, каб упісаць “Пій” і імя біскупа, Імшал кажа пра Папу N. і біскупа N. Зразумела, сэнс у тым, што ні Папы, ні біскупы не з’яўляюцца несмяротнымі: гэта проста запчасткі, якія можна замяніць. І, з пункту гледжання святара, такая форма запісу аказваецца вельмі дарэчы: яна ставіць яго на сваё месца. Калі ён трапіць у спакусу высокага меркавання аб сабе па прычыне таго гонару, які яму аказаны дазволам складаць гэтую жахлівую ахвяру, яго ўратуе думка, што ён, роўна як Папа або біскуп, толькі запчастка, якую можна замяніць. Імшу ў гэтай капліцы служыць не мансіньёр Нокс, а ваш святар N. Літара N. азначае “хто заўгодна”; любы святар таксама справіўся б добра. Па ўсім свеце служацца сотні тысяч Імшаў, а гэта толькі адна з іх. Ведаеце, што на дарогах — на скрыжаваннях і ў тых месцах, дзе ёсць небяспечныя павароты, — ставяць невялікія адбівальнікі з чырвонага шкла, і, калі машына едзе ўначы, гэтыя адбівальнікі ўлоўліваюць святло фар і адлюстроўваюць яго назад? Дык вось, святару варта ўспрымаць сябе так, быццам бы ён адзін з гэтых дробных кавалачкаў чырвонага шкла: у той момант, калі ён здзяйсняе канксэкрацыю, калі ён прыносіць ахвяру, малітва паўсюднага Касцёла трапляе ў яго і адлюстроўваецца ў ім. Гэта толькі момант; потым ён зноў становіцца звычайным, непрыкметным кавалкам шкла.

Калі святар прайшоў праз гэты момант самапрыніжэння, яму дазваляецца ўспомніць, што ён людская істота і што некаторыя людзі цікавяць яго больш за астатніх. Яму на момант дазваляецца перастаць размаўляць на лаціне, коратка падумаць пра людзей, патрэбам якіх ён асабіста хоча дапамагчы гэтай Імшою як спрыяльнай ахвярай. Я прашу Бога, каб Ён навярнуў Сталіна або пра штосьці яшчэ. І затым я адразу кажу словы “et omnium circumstantium”: “Калі ласка, не падумай, што я хачу, каб Ты слухаў мяне больш, чым любую з гэтых жахлівых малых істот, што мітусяцца ў мяне за плячыма. Quorum tibi fides cognita est, et nota devotio: яны сапраўды вераць у Цябе, яны сапраўды вельмі пабожныя (некаторыя з іх), і кожная з іх мае свой уласны намер, які трымае ў сэрцы ў гэты момант, і ён не менш добры за мой. Таму ўспрымі гэта так, што я малюся і ў сваім намеры, і ў намеры Машы. Pro quibus tibi offerimus: я прыношу гэтую ахвяру не толькі за сябе, але і за іх. Vel qui tibi offerunt: яны так жа, як і я, ахвяруюць гэтую Імшу, таму, калі ласка, не навяртай Сталіна, калі перад гэтым Ты хочаш навярнуць цётку Машы. Яны ахвяруюць гэтую Імшу pro se suisque omnibus — за сябе і за ўсіх, каго любяць; іхнім душам патрэбна збаўленне, ім патрэбна здароўе душы і цела, захаванне душы і цела ад усялякай шкоды, якая можа з імі здарыцца; некаторыя з іх асаблівым чынам прасілі, каб сёння раніцай ім пазванілі бацькі, таму, калі ласка, благаславі кожную і кожную з іх так жа, як і мяне”.

Баюся, мы вельмі запаволіліся, а я хацеў бы сёння яшчэ сказаць пра малітву “Communicantes”. Але гэта надта вялікая і новая тэма, каб разглядаць яе цяпер. Я хацеў бы, каб вы цвёрда запамяталі наступнае: калі вы бачыце, як я стаю там і мармычу сабе пад нос, нібы не звяртаючы на вас увагі, увесь апрануты ў шоўк, як падушачка для булавак, вы не павінны думаць, што я знаходжуся дзесьці далёка і асобна ад вас і што мяне не цікавяць вашыя пачуцці і турботы. Наадварот, я стаю там, як вялікая падушка для булавак, каб вы ўторквалі ў мяне булаўкі: усё, аб чым хочаце памаліцца; усё, чаго хочаце для сябе; усе праблемы, якія маюць месца дома, — усе гэтыя рэчы ўваходзяць у малітву, якую я прамаўляю, і я не магу перашкодзіць таму, каб яны сталі часткай майго малітоўнага намеру на гэтую Імшу, нават калі я і хацеў бы.

Фота: Fr James Bradley / Flickr (CC BY).