З кнігі «Імша ў запаволеным руху» (1948)

І няхай увесь народ скажа: Амэн (Пс 105).

Кардынал Ньюмэн у адной са сваіх прац напісаў урывак, які часта называюць ягоным “апісаннем джэнтльмена”. Я не буду цытаваць вам гэты ўрывак цалкам, таму што вы можаце падумаць, што ён не мае дачынення да справы. Да таго ж, не думаю, што кардынал Ньюмэн пакінуў нам дзе-небудзь апісанне лэдзі. Але першы сказ там такі: “Ён не зводзіць вачэй з усёй сваёй кампаніі”. Гэта варта памятаць нават тады, калі вы лэдзі: заўсёды звяртайце ўвагу на тое, якія іншыя людзі знаходзяцца з вамі ў пакоі або могуць пачуць вас праз акно, каб не сказаць што-небудзь не тое; каб не працягваць быць нуднай, калі ўсе, закрыўшыся далонню, пазяхаюць; каб па меры магчымасці ўключыць у размову кожнага, асабліва людзей сарамлівых, якія не будуць казаць увогуле, калі ім не даць слова. (Цяпер я маю на ўвазе канікулы: зразумела, што тут вы размаўляеце ўсе адначасова, што значна прасцей, але не заўсёды цішэй.) І калі святар даходзіць да канца гімна “Gloria”, у яго, здаецца, з’яўляюцца пэўныя згрызоты сумлення, што ён не паводзіць сябе як джэнтльмен. Ён так шмат думаў пра славу Усемагутнага Бога, пра тое, як нам патрэбна адкупленне нашым благаслаўлёным Панам, што зусім забыўся пра Машу. За ім сядзіць Маша, якую пакінулі без увагі, а гэтага ніяк нельга дапусціць, таму ён паварочваецца, каб уключыць яе ў размову. Але перад паваротам ён схіляецца і цалуе алтар. Гэта вельмі натуральна, калі так падумаць: ён практычна заўсёды цалуе алтар перад тым, як павярнуцца да яго плячыма. Не зусім заўсёды: напрыклад, ён не робіць гэтага перад тым, як пачаць раздаваць Камунію. Але можна лёгка зразумець, што гэта своеасаблівы ветлівы жэст, якім ён кажа Усемагутнаму Богу: “Прабач, я на хвілінку. Мне трэба толькі павярнуцца і сказаць “Dominus vobiscum” сваім сябрам, каб яны не падумалі, што я іх ігнарую. Разумееш, я хацеў бы ўвесь час думаць пра Цябе, таму я пакідаю на алтары пацалунак, каб паказаць, што я люблю Цябе больш за ўсіх іншых і ўсё іншае”.

З гэтага можна вынесці разнастайныя маральныя ўрокі. Адзін з іх — гэта тое, што мы ніколі не павінны задавольвацца станам сваёй душы, пакуль не акажацца, што пакідаць малітву — гэта для нас пэўны боль. Таксама гэта тое, што мы павінны быць гатовыя ў імгненне вока спыніць малітву, калі таго патрабуе любоў да іншых людзей. Але ў нас няма часу на маральныя ўрокі, таму што нам трэба працягваць з Імшою. Калі святар кажа “Пан з вамі”, вы заўважыце, што ён разводзіць рукі, як быццам бы дапамагае разматаць нябачны клубок шэрсці, а затым зводзіць іх зноў. Я не ведаю, якое паходжанне мае гэты жэст; магчыма, так святары проста трымалі свае полы ў тыя старыя дні, калі насілі доўгія арнаты, якія сягалі да падлогі. Але я думаю, што ў гэтага апошняга руху ў танцы ёсць адно відавочнае і даволі прывабнае значэнне. Святар, калі паварочваецца, каб мы маглі адчуць сябе як дома, хоча ўключыць у гэтае прывітанне ўсіх нас, таму ён шырока разводзіць рукі, каб ахапіць усіх людзей, якія знаходзяцца ў касцёле. Нават тых, хто паленаваўся ўстаць рана, таму што падчас павароту да люду яму не дазваляецца падымаць вочы ад зямлі, каб што-небудзь не адцягнула ягоную ўвагу. Таму ён не зможа сказаць, былі вы насамрэч на Імшы ці ў ложку. Але гэты мілы і ўсёабдымны жэст просіць Пана быць з вамі незалежна ад таго, прысутнічаеце вы на Імшы ці не. Таму ў вас ёсць дзве прычыны быць усцешанымі, калі святар паварочваецца і кажа словы “Dominus vobiscum”. Гэта прыемна, што ён думае пра нас нават тады, калі вельмі заняты такой захапляльнай справай, як служэнне Імшы. І гэта прыемна, што ён думае пра кожнага з нас і шырока разводзіць рукі, каб паказаць, што думае пра кожнага з нас. І мы адказваем разам з міністрантам (у думках, вядома): “Et cum spiritu tuo”. Не “et cum spirituo”, таму што гэта не па-лацінску і ў гэтым няма сэнсу. Павінна быць два “tu”: “Et cum spiritu tuo”. І гэта, як і раней, азначае: “І вам таго ж”.

Тады ён кажа: “Oremus”, памолімся. І мы можам крыху абурыцца гэтаму, як чалавек, у якога спыталіся: “Ці хочаш ты ўзяць гэтую жанчыну сабе за жонку?” На што ён адказаў: “З якой мэтай?” Які сэнс казаць “памолімся”, калі мы ўжо молімся? Я разумею… Але ці сапраўды мы маліліся? Калі вы заўважыце, што падчас удзелу ў Імшы штосьці пастаянна адцягвае вашую ўвагу, як гэта бывае ў большасці людзей, прычым, баюся, не толькі тады, калі яны прысутнічаюць на Імшы, але і тады, калі яе служаць, паспрабуйце такую хітрасць. Пастанавіце сабе ад самага пачатку, што кожны раз, калі святар кажа слова “Oremus”, вы пастараецеся ўзварушыцца і сказаць сабе: “Маша, прачынайся”. Гэта дасць вам пяць штуршкоў падчас Імшы: адзін — калі святар узыходзіць да алтара, адзін перад калектамі, адзін у пачатку аферторыя, адзін перад малітвай “Ойча наш” (і гэта самы прыгожы фрагмент Імшы, на маю думку) і адзін перад малітвамі пасля Камуніі.

У той момант, калі святар будзе казаць “Oremus”, ён ужо зноў будзе стаяць да вас плячыма. Ён вярнуўся на бок Паслання, дзе ляжыць кніга, таму што ў ёй знаходзяцца калекты і Пасланне, якіх ён не ведае на памяць. Бок Паслання мае дзве функцыі. Пры ім адбываюцца ўсе менш важныя рэчы, такія як аферторый, абмыванні ў канцы, а на спяванай Імшы — благаслаўленне кадзіла. Таксама пры баку Паслання прамаўляецца амаль усё, хоць і не зусім усё, што змяняецца з дня ў дзень. Чаму так, я не ведаю. У чым заключаецца ідэя гэтых калект? Мне здаецца, што найлепшы спосаб думаць пра іх — гэта ўспрымаць іх як набор тэлеграм, якія мы дасылаем Усемагутнаму Богу з той ці іншай нагоды. Бывае, што старыя школьныя сябры сустракаюцца на вячэру дзе-небудзь на Цэйлоне, у Буэнас-Айрэсе ці дзе яшчэ, каб адзначыць нейкае асаблівае свята сваёй старой школы. І тады яны абавязкова зробяць адну рэч. Яны заўсёды дашлюць тэлеграму дырэктару з паведамленнем: “Жыве школа такая і такая!” У гэты канкрэтны момант, сабраўшыся разам, яны дасылаюць такое сумеснае прывітанне. Мне здаецца, што прыкладна для гэтага ў Імшы і ёсць калекты. Вось цяпер, сабраўшыся разам, мы збіраемся даслаць сумеснае прывітанне Усемагутнаму Богу, як выгнаннікі, якія памятаюць аб сваім доме. Некаторыя людзі лічаць, што менавіта таму калекты называюцца калектамі: бо яны выкарыстоўваліся падчас “калекты” — вялікага сходу хрысціянаў на малітву. Я не ведаю. Але ёсць яшчэ адна прычына, чаму я кажу, што яны нагадваюць тэлеграмы. Яны спрабуюць змясціць вельмі шмат на вельмі малой плошчы. Калі ў вас ёсць прывычка пасылаць тэлеграмы, то вы ведаеце, наколькі складана напісаць іх прыгожа і танна і ў той жа час не зрабіць іх зусім незразумелымі. Калекта, як і тэлеграма, павінна сказаць тое, што хоча, вельмі нямногімі словамі і ў той жа час застацца зразумелай.

На жаль, тыя кнігі, якія вы маеце з сабою, напэўна, не робяць калекты больш зразумелымі, таму што спрабуюць перакладаць іх літаральна, і гэта, вядома, ператварае іх у поўны нонсэнс. Сёння раніцай была даволі простая калекта, і яе цяжка зразумець няправільна. Я думаю, яе трэба перакласці наступным чынам:

“Просім Цябе, Пане, ахоўвай сям’ю Тваю няспыннай дабрынёю, каб, пакладаючыся толькі на надзею нябеснай ласкі, яна была заўсёды ўмацавана Тваёй абаронай”.

Амаль на кожнай Імшы калекта звяртаецца да Бога Айца і ў канцы просіць, каб малітва была выслухана праз заслугі нашага благаслаўлёнага Пана.

Калі, скончыўшы калекту, я не пераходжу адразу да Паслання, то дадаю яшчэ адну калекту. А вы, не забываючыся не аблізваць пальцы, хутка гартаеце старонкі сваёй кнігі, каб знайсці той раздзел, дзе знаходзяцца святыя на лістапад, таму што гэта самы імаверны варыянт. І, зразумела, дзесьці на сярэдзіне Паслання вы знаходзіце патрэбнае месца: канешне, св. Марцін! Сёння дзень св. Марціна! Добры рымскі салдат, які аддаў палову свайго плашча жабраку, а потым пабачыў у сне той жа ноччу, як яго носіць наш Пан. Св. Марціну не пашчасціла ў гэтым годзе, бо ягонае свята прыпала на нядзелю, таму мы не можам служыць Імшу пра св. Марціна, а вымушаны ўзяць Імшу нядзелі. Або хутчэй не пашчасціла нам; не думаю, што для св. Марціна ёсць нейкая розніца, святкуем мы ягонае свята ці не. Але, каб паказаць, што мы пра яго не забыліся, мы дадаём успамін. Мы прамаўляем ягоную калекту адразу пасля калекты дня і тое самае робім з сакрэтай і малітвай пасля Камуніі. Мы просім Бога, каб, паколькі мы самі не можам цвёрда стаяць на сваіх нагах, нас умацавала супраць усялякай небяспекі заступніцтва св. Марціна, Яго біскупа і вызнаўцы. Але і гэта яшчэ не канец. Быў такі пустэльнік па імені Мена, якога больш за 1600 гадоў таму закатавалі ў Егіпце якраз 11 лістапада. Таму мы прамаўляем яшчэ адну малітву, каб успомніць і яго. У Касцёла вельмі доўгая памяць.

Калі б св. Мена быў закатаваны на дзень раней, а св. Марцін памёр на дзень пазней, ці маглі б мы проста прачытаць калекту нядзелі і на гэтым спыніцца? Не, калі няма ніякага важнага свята, якое трэба ўспомніць, мы дадаём дзве лішнія калекты на ўдачу. У гэтую пару года першай з іх будзе ўспамін усіх святых, пачынаючы ад Найсвяцейшай Дзевы і далей. Другую калекту святару дазволена выбраць самастойна з набору з трыццаці пяці розных малітваў, якія можна знайсці ў Імшале адразу перад Імшамі за памерлых. Таму пра гэта няма сэнсу пытацца манахінь: яны наўрад ці змогуць сказаць вам, якую з гэтых трыццаці пяці калект я буду чытаць. Але я з задавальненнем скажу вам, што мая любімая калекта, якую я зазвычай чытаю ў такіх выпадках, гэта малітва “pro devotis amicis”. Я так і не змог высветліць, што гэта азначае: за пабожных сяброў ці за верных сяброў. Але гэта прыгожая малітва:

“Божа, Ты праз ласку Святога Духа ўліў дары любові ў сэрцы Тваіх верных; дай здароўе душы і цела слугам і служанкам Тваім, за якіх мы молім Тваю ласкавасць, каб яны ўсімі сіламі Цябе любілі і з усёй любоўю чынілі тое, што Табе даспадобы”.

Калі можна выбраць, якую калекту чытаць, то гэтую перамагчы вельмі цяжка.

Ва ўсім гэтым фрагменце рухі танца даволі складаныя. Калі святар прамаўляе словы “Dominus vobiscum”, ён разводзіць рукі, затым зводзіць іх, зноў разводзіць на слова “Oremus”, потым зноў зводзіць і затым яшчэ раз разводзіць, калі пачынае чытаць калекту. Як нам усё гэта разумець? Ну, я думаю, гэта можна разглядаць як своеасаблівае “на старт, увага, марш”. “Dominus vobiscum” абуджае вас, “Oremus” рыхтуе да дзеяння, і затым наступае сама малітва. На працягу ўсіх малітваў, роўна як падчас прэфацыі, а таксама большай часткі Канона Імшы, святар трымае рукі выцягнутымі такім жа чынам. Я думаю, што ён насамрэч павінен трымаць іх шырэй і вышэй, але сёння рубрыкі зрабілі гэты жэст проста сімвалічным. Ізраэль перамог мадыянітаў, калі Майсей з дапамогай двух сваіх сяброў на працягу ўсёй бітвы трымаў рукі высока ўзнятымі ў малітве. Несумненна, мэта гэтага жэста заключаецца ў тым, каб трымаць сябе ў напружанні. Калі святар прамаўляе калекты, ён так бы мовіць, дырыжыруе аркестрам; аркестр — гэта вы. Ён трымае рукі паднятымі, каб паказаць вам: працягваем, працягваем! Молімся, молімся мацней: свет ідзе ветрам; д’ябал лютуе, як не лютаваў стагоддзямі; Касцёлу прыходзіцца змагацца, усклікаць і галадаць, каб усё хоць неяк ішло. Маліцеся старанна, працягвайце! І затым вы пачуеце словы: “Праз Пана нашага Езуса Хрыста…” і г. д. Святар зводзіць рукі. Вось, дастаткова, кажа ён, можаце крыху расслабіцца. Мы ўсё аддалі ў рукі нашага благаслаўлёнага Пана; Ён там, у небе, разам з Айцом і Святым Духам; Ён паклапоціцца пра нас. У гэты момант міністрант не павінен забыцца чутна і выразна сказаць: “Амэн”. Гэта вы, люд, кажаце ў канцы маёй прамовы: “Чуем, чуем”. Вы ставіце свой подпіс на тэлеграме, якую мы дасылаем Усемагутнаму Богу, на паведамленні SOS з патрэбамі Касцёла.

Фота: Fr James Bradley / Flickr (CC BY); Joseph Shaw / Flickr (CC BY-NC-SA).