З кнігі «Імша ў запаволеным руху» (1948)
Кажы, Пане, бо слухае слуга Твой (1 Вал 3).
У гэтым месцы Імшы мы сустракаемся з чымсьці новым. Я маю на ўвазе, калі мы пераходзім да Паслання і Евангелля. Практычна ва ўсе іншыя моманты мы прамаўляем да Бога, час ад часу абменьваючыся адзін з адным кароткімі фразамі накшталт “Dominus vobiscum”, а ў Пасланні і Евангеллі мы дазваляем Богу прамовіць да нас. Было б вялікай памылкай лічыць, што тут мы можам успрымаць Імшу несур’ёзна; што ўсё гэта мы чулі тысячу разоў, а нават калі і не чулі, то заўсёды можам паглядзець гэта ў кнізе; што няма ніякага сэнсу чытаць такое доўгае Евангелле пра канец свету (яно насамрэч не пра канец свету, а пра разбурэнне Ерузалема), калі ўсім нам ужо хочацца пайсці на сняданак, які нашыя ўнутранасці прывыклі спажываць у восем раніцы. Усё гэта памылка. Як бы там ні было, нам трэба слухаць Пасланне і Евангелле хаця б у нядзелі, калі яны чытаюцца на англійскай мове. Навошта Касцёл чытае іх па-англійску, калі мы не слухаем? І нават у будні, калі вам, магчыма, не хочацца сачыць за ўсёй Імшой, сачыць за Пасланнем і Евангеллем варта. Асабліва гэта датычыцца Вялікага посту, калі мы кожны дзень атрымліваем новае Пасланне і новае Евангелле.
Дарэчы, я забыўся вам штосьці сказаць. Калі-нікалі, хоць і нячаста, і ніколі не ў нядзелі, сустракаюцца такія штукі, як “прароцтвы”, якія чытаюцца паміж “Kyrie, eleison” і калектамі. Калі ў такія дні прамаўляецца “Gloria”, то прароцтвы знаходзяцца перад “Gloria”. Зазвычай добра бачна, калі такая сітуацыя мае месца, бо тады адбываецца кароткая сутычка паміж святаром і міністрантам. Выслухаўшы першае прароцтва, міністрант дае адказ “Deo gratias” і ідзе навокал, каб паспрабаваць забраць у святара кнігу, бо думае, што гэта быў канец Паслання. Святару прыходзіцца тлумачыць, што гэта была несапраўдная трывога і што мы яшчэ і блізка не дайшлі да Паслання. Часам гэтых прароцтваў даволі шмат. У Вялікую суботу іх дванаццаць, прычым апошняе вельмі вялікае, пра Набухаданосара і ягоную каманду. Я мяркую, што першапачаткова Імша заўсёды пачыналася з гэтых працяглых урыўкаў са Старога Запавету (прароцтвы заўсёды паходзяць са Старога Запавету), каб нагадваць хрысціянам пра вытокі, з якіх яны выйшлі; каб нагадваць ім, што калі б яны не сталі хрысціянамі, а засталіся юдэямі, то і да сёння б мелі значна даўжэйшыя і часцейшыя чытанні са Старога Запавету, а гэта было б нашмат і нашмат горш. Не ўпэўнены, што вы будзеце кішэць тут у сераду 19 чысла, але калі будзеце, то сустрэнецеся на Імшы з прароцтвамі, дакладней з адным прароцтвам. Скончыўшы “Kyrie”, я адразу без усякіх “Dominus vobiscum” іду да кнігі і кажу: “Flectamus genua”, што азначае “схілім калені”, — і пры гэтым укленчваю. І асоба, якая дае адказы, калі гэта хтосьці, хто разбіраецца вельмі добра, скажа: “Levate”, што азначае “падыміцеся”. Гучыць даволі груба, але яно так не задумвалася. Тэарэтычна трэба, каб усе мы ўкленчылі, але тут так мала месца, што доўга стаяць на каленях было б вельмі нязручна, таму міністрант кажа: “Падыміцеся”. Тады я чытаю даволі радасны і актуальны як на цяперашні час урывак з прарока Ісаі:
“Яны перакуюць мячы свае на плугі, і дзіды свае на сярпы; не ўздыме народ на народ мяча, і не будуць больш вучыцца ваяваць. Доме Якуба! Прыйдзіце, і пойдзем у святле Пана, Бога нашага”.
Затым ідзе верш ці два з псальмаў, і мы пераходзім да “Dominus vobiscum” і калект.

Але, як я казаў, такое здараецца толькі час ад часу. Пасланне ж сустракаецца заўсёды. У чым дакладна яго сэнс? Я расказваў вам, што калекты падобныя да тэлеграм, якія мы пасылаем як дэманстрацыю сваёй прыхільнасці. Думаю, Пасланне, як можна бачыць з яго назвы, больш падобнае да ліста. Гэта такі ліст, які пішуць з далёкай адлегласці, як, напрыклад, калі піша сын з Кітая або аднекуль яшчэ, так што гэты ліст чытаюць для ўсёй сям’і за сняданкам. Раней лісты прыходзілі якраз да сняданку, і раней мы слухалі, як іх чытаюць уголас. Мы не сядзелі і не казалі: “Давай, баця, хутчэй. І аддай мне марку”. Такое часам бывае на грамадскіх мерапрыемствах: хто-небудзь адзін падымаецца на сцэну і зачытвае ліст ад прэм’ер-міністра ці кагосьці падобнага. Вядома, часам бывае, што ліст рассылае біскуп, і яго трэба прачытаць ва ўсіх парафіяльных касцёлах, напрыклад, у пачатку Адвэнту. Можа стацца, што ў наступную нядзелю вы атрымаеце па заслугах і мы будзем чытаць на Імшы восем ці дзевяць старонак ад біскупа Шрусбуры. Сняданак будзе яшчэ пазней, чым заўсёды. Толькі што мы не будзем гэтага рабіць: часткова таму, што гэта не зусім парафіяльны касцёл, а часткова таму, што біскуп — вельмі мілы чалавек і не мітусіцца з-за падобных рэчаў.
Менавіта такімі былі лісты св. Паўла: ён пісаў іх не для асобных людзей, не для Тыхіка, Трафіма або Машы, а для ўсёй мясцовай супольнасці. Несумненна, іх чыталі падчас Імшы, хоць я спадзяюся, што Пасланне да Рымлянаў разбівалі на кавалкі, іначай сняданак сапраўды мог бы зусім астыць. Калі так падумаць, то атрымліваецца, што гэтыя лісты так і не перасталі чытаць у касцёлах да сёння. Пасланне, якое гучала раніцай, з’яўляецца часткай ліста, які св. Павел напісаў каля 60 г. хрысціянам у Калосах. Думаю, каласяне сказалі: “А вось гэта даволі радасны ўрывак — давайце праз тыдзень прачытаем яго яшчэ раз”. Затым ён нейкім чынам трапіў у каляндар, і мы ўсё яшчэ чытаем яго кожны год як своеасаблівае пастырскае пасланне ад св. Паўла, быццам бы св. Павел усё яшчэ жывы і знаходзіцца ў Рыме. І, паколькі зачытванне ўголас ліста, які мы толькі што атрымалі ад дарагога апостала, гэта такая сямейная справа, мы крыху расслабляемся. Вы заўважыце, што падчас Паслання ўсё становіцца расслабленым. На спяванай Імшы, калі перад Евангеллем ёсць адна з доўгіх секвенцый, святар, калі хоча, можа пайсці і сесці. Нават на ціхай Імшы ён, хоць і не сядае, паводзіць сябе хутчэй нефармальна: пакуль чытаецца Пасланне і тыя рэчы, што ідуць за ім, святар проста трымаецца за край кнігі. Гэта адзіная частка Імшы, калі так падумаць, дзе святар не трымае рукі зведзенымі, разведзенымі або яшчэ ў якой-небудзь ненатуральнай пазіцыі, якую дыктуюць яму рубрыкі. Калі прыходзіць Пасланне, ён становіцца вольна і проста кладзе рукі як-небудзь.

Таму паспрабуем заўсёды думаць пра Пасланне як пра асабісты ліст, дасланы нам св. Паўлам ці адным з іншых апосталаў, які знаходзіцца вельмі далёка, але ўсё яшчэ вельмі намі зацікаўлены. Возьмем Пасланне сённяшняй раніцы: думаю, у ім няма нічога, што св. Павел не хацеў бы або не хоча сказаць мне і вам. “Мы няспынна маліліся за вас”, — кажа ён. Ну, вядома, ён маліўся. Святыя ў небе працягваюць маліцца ўвесь час і моляцца за ўвесь хрысціянскі люд. Ён маліўся, каб вы і я напоўніліся пазнаннем Ягонай волі; каб вы і я маглі жыць як слугі Бога, пастаянна робячы Яму прыемнае; каб вы і я ўмацоўваліся, былі трывалымі і доўгацярплівымі. Ці ж не міла з ягонага боку? У канцы нам хочацца сказаць: “Ура!” Але мы гэтага не кажам — мы толькі думаем: “Ура!” А міністрант кажа: “Deo gratias”.
Не думаю, што нам трэба празмерна пераймацца кароткімі малітвамі, якія ідуць адразу пасля Паслання. Яны насамрэч належаць да спяванай Імшы. У ранейшыя часы святары ў гэты момант проста сядалі і абмахваліся веерамі, пакуль хор займаўся сваёй працай; падчас спеву ніхто не кланяўся адзін аднаму і не цягаў свечкі. У ранейшыя часы гэта таксама быў поўны псальм: сёння раніцай мы мелі б дваццаць шэсць вершаў градуала. Яго называюць градуалам, таму што чалавек, які інтанаваў псальм, узыходзіў на высокую прыступку, па-лацінску gradus. Вядома, у касцёлах, дзе практыкуецца грыгарыянскі спеў, гэты псальм спяваюць вельмі павольна [1], але гэта не мае ніякага дачынення да справы. На ціхай Імшы градуал дае міністранту час абысці вакол алтара і забраць кнігу пасля таго, як святар павярнуўся і сустрэўся з ім позіркам або проста паклаў далонь на алтар, як гэта робяць некаторыя святары. Я забыўся згадаць, што гэта адзіны жэст у Імшы, які не прадпісваюць рубрыкі. Гэта проста нефармальная падказка, што Пасланне скончылася.
І затым ідзе Евангелле. Самая відавочная рэч адносна Евангелля — гэта тое, што яно чытаецца на няправільным баку алтара, на паўночным баку. На Імшы там не адбываецца нічога, акрамя Евангелля і апошняга Евангелля. Хтосьці крыху здзівіўся б гэтаму, таму што Евангелле, відавочна, мае агромністую важнасць на Імшы. Дык чаму ж яно заўсёды чытаецца ці спяваецца на левым баку? Адказ на гэта, думаю, заключаецца ў тым, што гэта насамрэч правы бок. Вам здаецца, што гэта левы бок, таму што ён знаходзіцца па левую руку ад святара. Але алтар варта ўспрымаць як Божы трон; увогуле ў гэтай справе, як і ва ўсіх іншых, трэба навучыцца глядзець на рэчы з пункту гледжання Бога. Падумайце пра тое, што Бог сядзіць на троне над алтаром, а наш благаслаўлёны Пан знаходзіцца справа ад Яго, і вы адразу зразумееце, чаму Евангелле Езуса Хрыста чытаецца пры тым баку. Або падумайце пра распяцце, якое стаіць над алтаром: менавіта справа ад нашага Пана, згодна з выявамі, быў распяты добры злачынец. Гэта тлумачыць, чаму Евангелле прабачэння чытаецца там. На ўрачыстай Імшы ў гэты момант адбываецца шмат цырымоній, ідзе працэсія са свечкамі і кадзілам, субдыякан становіцца чалавечай падстаўкай для кнігі, каб дыякану было добра відаць. На ціхай Імшы ўсё гэта вельмі скарачаецца, але ўсё адно можна сказаць, што адбываецца штосьці важнае.

Святар рыхтуецца да чытання Евангелля, схіляючыся перад крыжам па дарозе з аднаго боку на іншы і прамаўляючы дзве малітвы. Абедзве гэтыя малітвы просяць, каб ён меў правільнае сэрца і правільныя вусны для абвяшчэння святога Евангелля. Разумееце, тэарэтычна дыякан ці святар, якія чытаюць Евангелле, робяць менавіта тое, для чаго хрысціянскае служэнне існуе перадусім, — абвяшчаюць Хрыста. Мне заўсёды цікава, ці не можа быць так, што ідэя чытаць Евангелле на паўночным баку алтара часткова звязана з тым фактам, што хрысціянства пачалося на поўдні. Я маю на ўвазе, на поўдні вядомага тады свету. Наша рэлігія ўзяла пачатак у Палесціне, распаўсюдзілася па Малой Азіі і далей па Міжземнамор’і. Доўгі час прапаведаванне Евангелля Хрыста рускім, германцам або жыхарам Брытаніі здавалася палярнай экспедыцыяй. Усе гэтыя жахлівыя язычніцкія народы знаходзяцца там, на поўначы — магчыма, так дыякан думаў пра гэта, калі выкрыкваў Евангелле дня ў напрамку паўночнай сцяны прэзбітэрыя. Я думаю, што нам, калі мы бачым такую сцэну, было б добра паразважаць над міласэрнасцю Бога, Які паклікаў нас, далёкі народ, быць хрысціянамі.
Каб добра абвясціць Евангелле, служыцелі Хрыста хочуць мець чыстае сэрца і чыстыя вусны. Чыстыя сэрцы — таму, што у той ступені, у якой сумленне дакарае іх за тое жыццё, якое яны вядуць, і за тыя думкі, якія яны маюць у галаве, яны адчуваюць сябе фальшывымі ўнутры, а адчуваць сябе фальшывым унутры азначае мець няўпэўненасць пры перадачы свайго паслання. Чыстыя вусны — таму, што менавіта па тым, што мы кажам, і па тым, як мы кажам, іншыя людзі складаюць меркаванне пра наш характар. І, калі святар схільны да плявання ў спіну, гняўлівасці ў размовах, хвальбы, ліслівасці, бурчання, хлусні, блюзнерстваў і непрыстойных размоў, ён наўрад ці зможа ўразіць тых, хто слухае ягоныя казанні. Гэта датычыцца не толькі духавенства. Кожны хрысціянін кожны дзень прапаведуе Хрыста тым жыццём, якое вядзе, тымі словамі, якія вымаўляе; вы ўвесь час несвядома ўплываеце на іншых. Не спрабуйце ўплываць на іншых людзей свядома: весці добрыя размовы і напускаць на сябе добры выгляд. Гэта толькі робіць з чалавека педанта, і ягоныя сябры хутка гэта заўважаюць. Старайцеся жыць блізка да нашага Пана, пранікніце ў сэнс таго, што азначаюць Ягоныя словы, жывіце паводле гэтага ўзору, каб сябраваць з Ім, каб быць такім чалавекам, з якім Яму ўтульна. Тады вы несвядома паўплываеце на іншых людзей. У гэтым жорсткім, ветраным свеце, у якім любоў астыла і нас акружыў зімні мароз, ваша жыццё будзе зіхаценнем любові; магчыма, слабым зіхаценнем, але прынамсі іншыя людзі змогуць пагрэць аб яго рукі. Дык вось, як міністрант кажа ў пачатку Евангелля, так і вы скажыце ў пачатку свайго жыцця: “Gloria tibi, Domine”. Пастарайцеся прысвяціць усё сваё жыццё Божай славе. І, калі вы дойдзеце да канца жыцця, вашы апошнія думкі будуць напоўнены ўдзячнасцю за тое, што вам было дадзена пражыць яго, і вы скажаце: “Laus tibi, Christe”, як міністрант кажа ў канцы Евангелля: “Хвала Табе, Хрыстэ”.
[1] Адсылка да падабенства слоў “gradual”, градуал, і “gradually”, павольна. — Заўв. пер.
Фота: Fr James Bradley / Flickr (CC BY); Joseph Shaw / Flickr (CC BY-NC-SA).